У Аўстраліі масава закрываюць пляжы праз напады акул
- 20.01.2026, 22:20
- 2,122
Ужо ёсць чацвёра пацярпелых.
За два дні ў аўстралійскім штаце Новы Паўднёвы Уэльс адбыліся чатыры напады акул на людзей. Пасля гэтага ўлады закрылі каля 40 пляжаў і заклікалі жыхароў і турыстаў не заходзіць у ваду. Усе інцыдэнты, паводле дадзеных CNN, звязваюць з акуламі-быкамі, або тупарылымі акуламі.
Першым пацярпеў 12‑гадовы хлопчык: у нядзелю на яго напала акула ў Сіднэйскай гавані, калі ён скакаў у ваду разам з сябрамі. Дзеці змаглі выцягнуць сябра на бераг, а выратавальнікі наклалі джгуты на абедзве ногі. Хлопчык знаходзіцца ў бальніцы ў крытычным стане.
У панядзелак акула напала на 25‑гадовага сёрфера на папулярным турыстычным пляжы Норт-Стэйн у раёне Мэнлі. Мужчыну таксама гаспіталізавалі ў цяжкім стане; яму дапамаглі выбрацца з вады людзі, што знаходзіліся на пляжы.
У той жа дзень каля Дзі-Уай-Пойнт акула адкусіла кавалак даўжынёй каля 15 сантыметраў ад сёрфборда 11‑гадовага дзіцяці. Яшчэ адзін выпадак адбыўся на наступны дзень каля Пойнт-Пломер: акула схапіла дошку сёрфера, мужчына атрымаў нязначныя траўмы і пасля агляду лекараў быў адпушчаны дадому.
Эксперты тлумачаць павелічэнне рызыкі нападаў тым, што акулы-быкі часта трымаюцца ў мутнай вадзе каля вусцяў рэк, асабліва пасля моцных дажджоў. У мінулыя выхадныя ў Сіднэі прайшлі наймацнейшыя за апошнія дзесяць гадоў ліўні, што стварыла небяспечныя ўмовы.
Паводле слоў кіраўніка выратавальнай службы Стыва Пірса, такія выпадкі, калі ўсе пацярпелыя сталі ахвярамі рэальных нападаў, сустракаюцца вельмі рэдка. Нягледзячы на папярэджанні, некаторыя людзі ўсё роўна заходзяць у ваду. Выратавальнікі асцерагаюцца, што праз спякоту і святочныя выхадныя на ўзбярэжжа прыедзе шмат адпачывальнікаў.
Цяпер сітуацыю кантралююць выратавальныя і муніцыпальныя службы, якія выкарыстоўваюць дроны, верталёты і гідрацыклы. Спецыялісты адзначаюць, што вадзе можа спатрэбіцца да тыдня, каб стаць празрыстай, і толькі пасля гэтага рызыка сустрэч з акуламі знізіцца.