Дацкі пенсійны фонд прадасць дзяржаўныя аблігацыі ЗША на фоне палітыкі Трампа
7- 20.01.2026, 19:54
- 4,346
Палітыка прэзідэнта ЗША стварыла занадта вялікія крэдытныя рызыкі.
Дацкі пенсійны фонд AkademikerPension вырашыў прадаць дзяржаўныя аблігацыі ЗША да канца студзеня. Фонд асцерагаецца, што палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа стварыла занадта вялікія крэдытныя рызыкі, каб іх ігнараваць, піша Bloomberg.
«ЗША ў прынцыпе не з'яўляюцца добрым пазычальнікам, і ў доўгатэрміновай перспектыве фінансы ўрада ЗША не з'яўляюцца ўстойлівымі», — сказаў дырэктар па інвестыцыях AkademikerPension Андэрс Шэльдэ.
AkademikerPension, які кіруе зберажэннямі настаўнікаў і вучоных на суму каля $25 млрд долараў, на канец 2025 года валодаў казначэйскімі аблігацыямі ЗША на суму каля $100 млн долараў, распавёў Шэльдэ. Кіраванне рызыкамі і ліквіднасцю — адзіная прычына захоўваць казначэйскія аблігацыі, і фонд вырашыў, што зможа знайсці альтэрнатывы, дадаў ён.
Шэльдэ спаслаўся на заявы Трампа пра прэтэнзіі на Грэнландыю як на адну з прычын, што падштурхнулі фонд адмовіцца ад казначэйскіх аблігацый ЗША. Паводле яго слоў, асцярогі наконт бюджэтнай дысцыпліны і аслаблення долара таксама апраўдваюць адмову ад інвестыцый у Злучаныя Штаты.