Бізнесмен, якога асудзілі за «агентурную дзейнасць» у Беларусі, абвясціў галадоўку
- 20.01.2026, 19:21
- 2,430
Сяргей Ботвіч — грамадзянін Літвы і Францыі.
Пра галадоўку абвясціў ураджэнец Беларусі, грамадзянін Літвы і Францыі, палітвязень Сяргей Ботвіч, які восенню 2022 года атрымаў 13 гадоў за «агентурную дзейнасць» і цяпер знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) выпраўленчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі (яе называюць «Ваўчыя норы»). Інфармацыю пра гэта «Зеркалу» перадалі праз асуджаных, якія выйшлі на волю.
Галадоўка ўскладняецца наяўнасцю ў Ботвіча сур'ёзных захворванняў.
— Лекаў, якія яму неабходныя, у Беларусі няма, а сваякам не дазваляюць прывезці яму патрэбныя прэпараты. Галадоўка для яго — смяротная рызыка, — паведаміў «Зеркалу» крыніца, падкрэсліваючы: тое, што Ботвіч вырашыў пайсці на галадоўку, сведчыць, што іншых варыянтаў у яго не засталося.
Сяргей Ботвіч — бізнесмен, які хоць і не мае беларускага грамадзянства, але нарадзіўся і жыў у нашай краіне. У 1980-я ён паехаў у Францыю па абмене студэнтамі (вучыўся ў Мінскім інстытуце замежных моў, цяпер гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў (БДУЗМ)).
Пазней атрымаў французскае грамадзянства, а следам і літоўскае. Сяргей вёў бізнэс у Беларусі, Расіі, Францыі і Літве — найперш гэта быў турызм і аптовы экспарт вугалю з Усходняй Еўропы ў краіны Балтыі і Заходняй Еўропы.
У 2014-м ён вырашыў пабудаваць завод па вытворчасці драўнянага вугалю на сваёй малой радзіме пад Свіслаччу (ён нарадзіўся ў аграгарадку Новы Двор, што ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці). У праект ён уклаў каля мільёна долараў.
Як пісала ў 2023 годзе «Наша Ніва», у пэўны момант бізнес Ботвіча пачаў развальвацца. Невядома, што менавіта адбылося, але завод па вытворчасці вугалю так і не быў пабудаваны, а на прадпрымальніка ў чэрвені 2018-га завялі крымінальную справу. Паводле даных з баз «Кіберпартызанаў», фабула крымінальнай справы супраць мужчыны гучыць так:
«Ботвіч Сяргей <…> наўмысна, з карыслівых намераў, не збіраючыся выконваць узятыя на сябе абавязкі, шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе ўдзелу ў інвестыцыйным праекце па будаўніцтве завода па вытворчасці вугалю, завалодаў грашовымі сродкамі ТАА „Эрабль груп“ у суме 734 тысячы еўра».
Вытворчасць па ёй была спыненая. Прычына — немагчымасць правядзення следчых дзеянняў, без якіх нельга прыняць рашэнне аб заканчэнні папярэдняга расследавання (п. 5 ч. 1 арт. 246 КПК) — найверагодней, з-за знаходжання мужчыны за мяжой. Але не таму, што Ботвіч збег. Гэта хутчэй проста юрыдычная падстава, пісала «Наша Ніва». У тым жа 2018-м, паводле базы «Пасажырапаток», Ботвіч 19 разоў бываў у Беларусі, адзін раз у 2019-м, тройчы ў 2020-м. Апошні раз ён уехаў у Беларусь у 2021-м і быў затрыманы.
— Потым было паўтара года ў адзіночнай камеры, абвінавачанні ў працы спачатку на французскую, а потым на літоўскую разведку. Закрыты суд. 13 гадоў. Непрызнанне віны, — падзяліліся з «Зеркалам» падрабязнасцямі тыя, каму Ботвіч расказаў сваю гісторыю.
Паводле іх слоў, доказаў шпіянажу не было, акрамя слоў аднаго сведкі, якога «затрымалі разам з сям'ёй на памежным пераходзе „Привалка“ і проста там пагрозамі прымусілі даць паказанні супраць Ботвіча, пасля чаго дазволілі выехаць у Літву».
— Сяргей Ботвіч ужо з ІК-22 «Ваўчыя норы» звяртаўся са скаргамі ў Генеральную пракуратуру Беларусі з патрабаваннем патлумачыць, у чым сутнасць абвінавачання, бо нідзе не сказана, што ён канкрэтна зрабіў. Калі гэта агентурная дзейнасць і шпіянаж, то якія сакрэтныя даныя ён спрабаваў здабыць? Бо павінен жа быць нейкі склад злачынства на прызначаныя 13 гадоў. У адказ ён атрымаў адпіску, што ўсе гэтыя даныя сакрэтныя, і таму яму не могуць паведаміць, за што ён канкрэтна сядзіць ужо столькі гадоў, — перадаюць словы Ботвіча асуджаныя, якія выйшлі на волю.
Яны выказалі занепакоенасць, што, улічваючы стан здароўя Ботвіча, часу ў яго насамрэч няшмат.