20 студзеня 2026, aўторак, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раслінны алей супраць вяршковага: вучоныя паставілі кропку ў даўняй спрэчцы

5
Раслінны алей супраць вяршковага: вучоныя паставілі кропку ў даўняй спрэчцы

Спецыялісты нарэшце раскрылі ўсю праўду.

Раслінныя алеі — «найбольшы злодзей» з усіх шкодных прадуктаў. Прынамсі так лічыць сусветна вядомы эксперт па пытаннях здароўя, доктар Пол Саладзіно. Такое сцвярджэнне можа падацца дзіўным, аднак супраць раслінных алеяў таксама выступаюць многія дыетолагі і міністр аховы здароўя ЗША Роберт Ф. Кенэдзі-малодшы, піша Science Focus.

Паводле прафесара Томаса Сандэрса, спецыяліста па харчаванні з Каралеўскага каледжа Лондана, за апошнія некалькі гадоў вяршковае масла ізноў вярнулася ў меню. Міністэрства сельскай гаспадаркі таксама зафіксавала неўхільны рост спажывання вяршковага масла ў апошнія гады — у 2024 годзе паказчык дасягнуў рэкорду і склаў 3 кілаграмы на чалавека ў год.

Аднак падобныя тэндэнцыі турбуюць спецыялістаў у сферы аховы здароўя. Справа ў тым, што даследаванні ўсё яшчэ паказваюць, што раслінныя алеі — больш здаровы выбар. Паводле слоў іншага спецыяліста па харчаванні з Каралеўскага каледжа Лондана Сары Бэры, рандомізаваныя кантраляваныя даследаванні паказваюць, што раслінныя алеі карысней для здароўя, а вяршковае масла — шкоднейшае.

Дык у чым жа праблема вяртання да вяршковага масла, жывёльнага тлушчу і салу? Паводле экспертаў, у тым, што ўсе яны ўтрымліваюць насычаныя тлушчы, якія, як вядома, лічацца найгоршымі тлушчамі для чалавечага арганізму. І на тое ёсць прычына: кожная малекула насычанага тлушчу складаецца з ланцужка атамаў вугляроду, злучаных з як мага большай колькасцю атамаў вадароду. Такім чынам, вуглярод насычаны вадародам. Гэта можа гучаць не так ужо і страшна, аднак даследаванні паказваюць, што гэта моцна ўплывае на ўзровень халестэрыну.

У параўнанні з ненасычанымі тлушчамі насычаныя тлушчы прымушаюць арганізм выдзяляць у кроў больш халестэрыну, вядомага як «дрэнны» халестэрын. Дадатковы халестэрын LDL у крыві азначае вышэйшую рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў — менавіта таму насычаныя тлушчы звязаныя з пагаршэннем здароўя сэрца. Пацвярджаюць гэта вынікі мноства даследаванняў.

Паводле прафесара Сандэрса, вынікі, праўда, не азначаюць, што ўсе насычаныя тлушчы аднолькавыя. Малочны тлушч у малацэ, сыры і ёгурце, відаць, крыху адрозніваецца ад вяршковага масла. Насычаныя тлушчы не аказваюць такога моцнага ўплыву на павышэнне ўзроўню халестэрыну, як вяршковае масла, — вучоныя лічаць, што малако і сыр, верагодна, даволі нейтральныя, а іншыя пажыўныя рэчывы ў гэтых прадуктах, падаецца, змякчаюць дзеянне насычаных тлушчаў.

З іншага боку, паводле слоў Бэры, раслінныя алеі багатыя на мананенасычаныя і поліненасычаныя тлушчы, якія даволі эфектыўна зніжаюць узровень халестэрыну і памяншаюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Заўважым, апошнім часам усё часцей гучыць аргумент, што раслінныя алеі выклікаюць запаленні ў арганізме. Што з гэтага нагоды думаюць вучоныя? Яны сцвярджаюць, што гэта не адпавядае праўдзе.

Даследчыкі адзначаюць, што нібыта вінаватцам лічыцца амега-6, частка якой у арганізме ператвараецца ў рэчыва, вядомае як арахіданавая кіслата. Гэтая кіслата сапраўды мае пэўныя запаленчыя ўласцівасці, аднак, паводле экспертаў, яна таксама валодае і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі.

І ў выніку, хоць ужыванне вялікай колькасці расліннага алею сапраўды можа спрыяць запаленню, наяўныя на дадзены момант даныя сведчаць пра адваротнае.

Яшчэ адзін аргумент, які часта вылучаюць супраць раслінных алеяў, — што гэта перапрацаваныя, адносна новыя прадукты, пазбаўленыя пажыўнай вартасці. Вяршковае масла, з другога боку, — натуральны і традыцыйны прадукт. Паводле Сандэрса, гэта таксама не праўда: раслінныя алеі выкарыстоўваюцца тысячагоддзямі. Напрыклад, старажытныя цывілізацыі Блізкага Усходу ўжывалі сафлёрны алей у лячэбных мэтах, а кітайцы шырока выкарыстоўвалі соеўны і арахісавы алеі.

Паводле слоў Бэры, сёння раслінныя алеі апрацоўваюць інакш, чым у мінулым, аднак даследаванні паказваюць, што ў гэтым няма нічога страшнага. Такім чынам, асноўныя абвінавачванні супраць раслінных алеяў, здаецца, не вытрымліваюць крытыкі.

Важна! Гэты артыкул заснаваны на найноўшых навуковых і медыцынскіх даследаваннях і не супярэчыць ім. Тэкст носіць выключна інфармацыйны характар і не змяшчае медыцынскіх парад. Для ўстанаўлення дыягназу абавязкова звярніцеся да лекара.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках