У Полацку ліквідавалі стагадовую друкарню, названую ў гонар Францыска Скарыны
7- 20.01.2026, 1:14
- 5,634
Дзяржаўныя СМІ называлі яе «узорным» прадпрыемствам.
У апошні дзень 2025 года ў Полацку ліквідавалі друкарню, названую ў гонар знакамітага земляка — Полацкае камунальнае ўнітарнае паліграфічнае прадпрыемства «Спадчына Францыска Скарыны». Пра дакументы на ліквідацыю піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Зараз на сайце кансалтынгавага прадпрыемства «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу» прадаюць усю маёмасць «Спадчыны Францыска Скарыны», у тым ліку тэхніку, мэблю і прадметы інтэр’еру.
Друкарня вырабляла бланкі, каляндары, плакаты, рэкламныя проспекты, а таксама больш за дзесяць гадоў была вядомая тым, што рабіла этыкеткі і ўпакоўку для харчовай прамысловасці.
У снежні 2018 года друкарня адзначыла сваё 100-годдзе, і тады дзяржаўныя СМІ Беларусі называлі яе «узорным» прадпрыемствам.
Як пісалі дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, «у далёкім 1918 годзе маладая савецкая рэспубліка прыняла рашэнне аб стварэнні дзяржаўнай друкарні шляхам нацыяналізацыі і аб’яднання трох прыватных друкарняў. Нягледзячы на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, распад Савецкага Саюза і іншыя гістарычныя падзеі, друкарня ні на дзень не спыняла сваю працу».
Але і гэтаму прыйшоў канец: 31 снежня 2025 года стаў апошнім днём існавання полацкай друкарні.
Раней у тым жа 2025 годзе з-за фінансавых праблем на мяжы ліквідацыі была і Глыбоцкая друкарня, якая знаходзіцца ў будынку побач з рэдакцыяй раённай газеты «Веснік Глыбоччыны». Яна ў асноўным друкуе канцылярскія тавары з дзяржаўнай сімволікай, але часам выконвае і прыватныя заказы ад мясцовых паэтаў, пісьменнікаў і іншых творчых асоб, выпускае для іх кнігі і брашуры.
На працягу года гэтую друкарню ліхаманіла. Яна неаднаразова трапляла ў «чорны спіс» даўжнікоў, але хутка з яго выходзіла. На сайце Міністэрства па падатках і зборах апошнюю запазычанасць Глыбоцкая друкарня закрыла 13 студзеня 2026 года.