16 студзеня 2026, Пятніца, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кыргызстане тэлеканалам забаранілі паказваць больш за 40% кантэнту на рускай мове

1
У Кыргызстане тэлеканалам забаранілі паказваць больш за 40% кантэнту на рускай мове

Бішкек паступова дыстанцуецца ад «рускага міру».

Улады Кыргызстана запатрабавалі ад тэлеканалаў давесці долю эфірнага вяшчання на нацыянальнай мове да 60% у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Пра гэта падчас нарады з прадстаўнікамі тэлекампаній у пятніцу паведаміў намеснік міністра культуры, інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Кыргызстана Марат Тагаеў. Паводле яго слоў, некаторыя прыватныя каналы дзеля фармальнага выканання патрабаванняў паўторна паказваюць праграмы на кыргызскай мове дзесяцігадовай даўнасці і не ствараюць айчыннага кантэнту.

«Мы не перашкаджаем развіццю прыватных тэлеканалаў і іх уласных стратэгій. Аднак патрабаванні закона, асабліва нормы, што датычацца кыргызскай мовы, павінны строга выконвацца. Я знаёмы з сітуацыяй на медыярынку, але мы абавязаныя абараняць правы гледачоў», — заявіў Тагаеў. Ён адзначыў, што тэлекампаніям бясплатна прадставілі больш за 400 фільмаў, 40 мультфільмаў і 10 серыялаў з фондаў «Кыргызфільма» і «Кыргызсерыяла».

Да канца лютага яны павінны заключыць дамовы з гэтымі ўстановамі, каб забяспечыць себе кантэнтам на кыргызскай мове. У адваротным выпадку, паводле намесніка міністра, улады да канца года «прымуць меры ў дачыненні да такіх прыватных тэлеканалаў».

Папраўкі ў закон аб ужыванні дзяржаўнай мовы ў тэлевяшчанні прынялі ў жніўні мінулага года. Да гэтага каналы мусілі запаўняць 50% сеткі вяшчання кантэнтам на кыргызскай мове.

На дадзены момант у Кыргызстане працуюць 42 тэлеканалы, два з якіх (НТРК і ЭЛТР) афіцыйна фінансуюцца дзяржавай. Таксама з казны аплачваецца праца міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір». Згодна з законам аб бюджэце, у 2026 годзе дзяржаўныя выдаткі на тэлерадыёвяшчальныя кампаніі краіны вырастуць да 1,67 млрд сомаў ($19,1 млн), павялічыўшыся ў параўнанні з папярэднім годам на 164,2 млн сомаў ($1,9 млн).

«Радыё Азаттык» пісала, што ў Кыргызстане найшырэй за іншыя замежныя СМІ прадстаўлены менавіта расійскія тэлеканалы — «Первый», «Россия 24», «Культура» і «Звезда», а таксама дзесяткі іншых, якія лічацца праваднікамі пракрамлёўскай прапаганды.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках