Украіна абвінаваціла Расію ў злачынствах супраць чалавечнасці
2- 15.01.2026, 21:49
- 2,422
З-за удараў па энергетыцы ў разгар зімы.
Служба бяспекі Украіны сабрала даказавую базу, якая пацвярджае, што расійскія ўдары па энергетычнай інфраструктуры з'яўляюцца мэтанакіраванай палітыкай, якая мае прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. Пра гэта ўкраінская спецслужба паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле даных СБУ, з пачатку ацяпляльнага сезона было задокументавана 256 паветраных атак па аб'ектах энергасістэмы і цеплазабеспячэння. З кастрычніка 2025 года пад удары трапілі 11 гідраэлектрастанцый, 45 буйных цеплаэлектрацэнтраляў, 49 цеплавых электрастанцый і 151 электрападстанцыя ў розных рэгіёнах. Атакі, паводле паведамлення ведамства, ажыццяўляліся з выкарыстаннем ракет «Іскандэр», «Калібр», Х-101, Х-69 і дронаў «Герань» («Шахед»). СБУ кваліфікуе гэтыя дзеянні па артыкуле 442-1 Крымінальнага кодэкса Украіны («злачынствы супраць чалавечнасці»), адзначаючы, што яны накіраваныя ў першую чаргу на знішчэнне ўкраінцаў.
Як піша The New York Times, гэтай зімой удары па энергетычнай інфраструктуры Украіны сталі самымі разбуральнымі за ўсю вайну. Крэмль змяніў стратэгію і засяродзіўся на ізаляцыі і разбурэнні энергазабеспячэння Кіева, Адэсы і Дніпра, разлічваючы падарваць маральны дух насельніцтва і прымусіць украінскія ўлады пайсці на ўступкі, адзначае выданне. Пры гэтым большасць жыхароў Кіева, з якімі ўдалося пагутарыць NYT, лічаць неабходным працягваць супраціў.
Тым часам Міністэрства энергетыкі Украіны паведамляе пра новыя наступствы атак. У ноч на 15 студзеня ўдары прывялі да адключэнняў у Жытомірскай і Харкаўскай абласцях. У Палтаўскай і Сумскай абласцях раніцай таго ж дня былі ўведзены аварыйныя адключэнні з-за цяжкай сітуацыі ў энергасістэме. Найбольш складаная сітуацыя захоўваецца ў Кіеве і Кіеўскай вобласці, дзе дзейнічаюць экстранныя, а не планавыя графікі адключэнняў. Паводле даных кампаніі ДТЭК, большую частку часу сталіца пакуль будзе заставацца без святла.
Таксама ў выніку студзеньскіх атак на найбуйнейшыя сталічныя ЦЭЦ-5 і ЦЭЦ-6 без цяпла часова засталася палова Кіева, і каля 400 дамоў усё яшчэ не маюць ацяплення. Рамонтныя работы вядуцца кругласутачна, але ўскладняюцца баявымі дзеяннямі і пагоднымі ўмовамі.