65% апытаных беларусаў хочуць змяніць працу ў 2026 годзе з-за заробку
- 15.01.2026, 16:19
На 10% больш, чым у папярэднім годзе.
Стала вядома, што ў 2026 годзе каля 65% апытаных беларусаў плануюць змяніць працу. Такую статыстыку прыводзіць сайт rabota.by, які правёў сацыялагічнае апытанне сярод сваіх карыстальнікаў.
Так, у параўнанні з апытаннем 2024-га цяпер у Беларусі плануюць змяніць працу ў бягучым годзе каля 65% беларусаў (на 10% больш).
Пры гэтым 68% саіскальнікаў адчуваюць сябе ўпэўнена на сваім працоўным месцы, і толькі 12% хочуць змяніць працу з-за рэальнай пагрозы звальнення. Таксама ў апытанні 60% рэспандэнтаў заявілі, што незадаволеныя ўзроўнем свайго даходу.
Сярод асноўных праблем пры пошуку працы ў 2025-м беларусы назвалі адсутнасць зваротнай сувязі ад працадаўцаў і адпаведных вакансій. Таксама сярод мінусаў называлі аддаленасць офіса ад дома, недахоп часу на пошукі.
Яшчэ 58% апытаных сказалі, што ў Беларусі цяпер складана знайсці працу, хаця 33% беларусаў адзначылі, што такой праблемы не адчувалі. Яшчэ 51% апытаных лічаць, што пошук новай працы зойме ў іх не больш за тры месяцы.