У Варшаве адбудзецца прэзентацыя кнігі «Беларусь Наталлі Радзіны»
- 15.01.2026, 18:45
- 2,480
Ужо заўтра.
16 студзеня, у пятніцу, а 18:00 у Цэнтры Анджэя Вайды (Al. Ujazdowskie 20) у Варшаве адбудзецца прэзентацыя новай кнігі вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзіны: журналістка супраць дыктатара». Будуць прадстаўленыя версіі кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах.
У прэзентацыі возьмуць удзел аўтар кнігі Юрый Фельштынскі і галоўная гераіня — Наталля Радзіна, беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя’97». Вядучым мерапрыемства будзе ксёндз Вячаслаў Борак. Госці змогуць задаць пытанні і пагутарыць з удзельнікамі сустрэчы.
Юрый Фельштынскі — аўтар вядомых кніг «ФСБ узрывае Расію», «Карпарацыя: Расія і КДБ у часы прэзідэнта Пуціна», «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну».
Кніга «Беларусь Наталлі Радзіны: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, распаведзеная праз жыццё аднаго чалавека: беларускай журналісткі і палітычнай дзеячкі Наталлі Радзіны, галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org).
Прачытанне гэтай кнігі зробіць чытача сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэставага руху, што пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не згасаюць па сёння, пазнаёміць з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па загаду дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай акуне ў яе турэмныя будні, дасць адчуць радасць яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, зробіць відавочцам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Нявзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэдніх вякоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, вызваленай ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, і чыя бяспека ўрэшце можа быць забяспечаная толькі членствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і страты апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў
Прэзентацыя адбудзецца 16 студзеня, у пятніцу, а 18:00
Адрас: Варшава, Цэнтр Анджэя Вайды, Al. Ujazdowskie 20
Кнігу «Беларусь Наталлі Радзіны» можна набыць:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.