У Беларусь маглі прывезці не ўвесь «Арэшнік»
7- 14.01.2026, 20:06
- 3,270
Што вядома.
Нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі і Міністэрства абароны пра прыбыццё і пастаноўку на баявое дзяжурства тактычнага ракетнага комплексу «Арэшнік», пацверджанняў гэтаму няма. Лагічна было б даслаць комплекс у нашу краіну чыгункай, аднак гэтага зафіксавана не было, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Лукашэнка казаў 18 снежня, што расійскі ракетны комплекс «Арэшнік» знаходзіцца ў Беларусі і заступае на баявое дзяжурства. Ён адзначаў, што «ні ў якім Слуцку» яго не размяшчалі, а паставілі «там, дзе больш выгадна». Міністр абароны Віктар Хрэнін паабяцаў паказаць «Арэшнік», калі той заступіць на баявое дзяжурства. У выніку 30 снежня Мінабароны паведаміла, што «ракетны дывізіён „Арэшнік“ прыступіў да выканання задач баявога дзяжурства ў прызначаных раёнах на тэрыторыі нашай краіны».

Як меркаванае месца размяшчэння называлі аэрадром Крычаў («Крычаў-6») на Магілёўшчыне — там ідзе будаўніцтва і цалкам адноўлена чыгуначная станцыя, адзначалі даследчыкі.
У супольнасці чыгуначнікаў правялі свой аналіз і падкрэсліваюць, што «спецыялісты адзначаюць адсутнасць сярод дэманстраванай тэхнікі непасрэдна пускавой устаноўкі комплексу». Па іх словах, ва ўсіх афіцыйных відэароліках пра «Арэшнік» у Беларусі зафіксаваныя толькі тры тыпы машын, задзейнічаныя ў абслугоўванні комплексу: машына сувязі, браняваны аўтамабіль «Тайфун» і, меркавана, машына забеспячэння баявога дзяжурства. Пры гэтым дывізіён можа налічваць каля дзясятка машын.
Аднак і паказаную буйнагабарытную тэхніку лагічна было б дастаўляць у Беларусь чыгункай. Паводле звестак аб’яднання, так і было — машыны даставілі на «Крычаў-6» у арыенціровачны перыяд з 18 па 20 снежня 2025 года праз міждзяржаўны стыкавы пункт Панятоўка (РЖД) — Шастэраўка (БелЖД). Але іншых такіх грузаў больш не было.

«На карысць таго, што самаходныя пускавыя ўстаноўкі балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці (БРСД) „Арэшнік“, якія ўваходзяць у склад мабільнага грунтавага ракетнага комплексу (ПГРК), не ўвозіліся на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, сведчыць адсутнасць зафіксаванай інфармацыі пра перамяшчэнне негабарытных грузаў з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў Беларусь у лістападзе—снежні 2025 года.
Маючы памеры прыблізна 17,0×3,4×4,0 метра, гэты груз падпадае пад разрад негабарытных, што патрабуе выканання асобных умоў следавання і прапуску па ўчастку», — адзначаюць чыгуначныя спецыялісты.
То-бок факт увозу і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі баявых ракетных комплексаў БРСД «Арэшнік», уключаючы пускавыя ўстаноўкі, дакументальна і фактычна не пацверджаны. Зафіксавана толькі прыбыццё дапаможнай і забеспячальнай тэхнікі, якая не адносіцца да баявых сродкаў комплексу.
У той жа час у аб’яднанні адзначаюць вялікія працы па будаўніцтве чыгуначнай інфраструктуры на тэрыторыі 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў (в/ч 42 707) каля вёскі Вялікая Гарожа Асіповіцкага раёна. Як паведамляецца, заказчыкам будаўніцтва выступае ФКП «Упраўленне заказчыка капітальнага будаўніцтва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі». Пры гэтым ужо і так адбываецца актыўны вываз боепрыпасаў базы расіянам у сувязі з паўнамаштабным уварваннем РФ ва Украіну.