У Літве склікаюць пасяджэнне камісіі па нацыянальнай бяспецы з-за метэрашароў з Беларусі
2- 14.01.2026, 11:34
- 2,254
Вільнюс настроены вырашыць праблему.
У Літве Камісія па нацыянальнай бяспецы ў сераду абмяркуе сітуацыю з метэрашарамі з Беларусі, а таксама бяспеку марской інфраструктуры.
Пра гэта расказаў дарадца літоўскага прэм’ера Ігнас Альгірдас Дабравольскас, паведамляе LRT.
Паводле яго слоў, пытанне метэрашароў будуць абмяркоўваць, пакуль сітуацыя не будзе вырашана.
«На пасяджэнні Камісіі па нацыянальнай бяспецы зноў, вядома, будзе абмяркоўвацца сітуацыя з Беларуссю — тое, што тычыцца шароў з кантрабандай: дзе мы прасунуліся, што яшчэ, магчыма, патрэбна, што ўжо рэалізавана», — паведаміў Дабравольскас.
Ён таксама дадаў, што на пасяджэнні абмяркуюць праблему грузавікоў, якія дагэтуль знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, плануецца абмеркаваць нядаўнія інцыдэнты, падчас якіх у Балтыйскім моры былі пашкоджаныя падводныя кабелі сувязі, а таксама пытанні бяспекі транспартнай інфраструктуры.
Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, летась было перахоплена ўсяго 635 грузаў цыгарэт, пераправленых з Беларусі ў Літву на паветраных шарах. У 2024 годзе гэтая лічба складала 226, у 2023 годзе — некалькі інцыдэнтаў, а ў 2022 годзе не было зафіксавана ні аднаго такога грузу.
Запушчаныя летась шары парушылі працу больш як 300 рэйсаў, пераважна ў Вільнюскім аэрапорце, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да закрыцця аэрапортаў агулам амаль на 60 гадзін.