У офісе Юліі Цімашэнкі адбыўся вобшук
13- 14.01.2026, 11:28
- 3,254
Украінскага палітыка падазраюць у падкупе дэпутатаў.
Кіраўніка адной з дэпутацкіх фракцый Вярхоўнай Рады Украіны падазраюць у падкупе народных дэпутатаў за галасаванне па канкрэтных законапраектах. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны.
«НАБУ і САП выкрылі кіраўніка адной з дэпутацкіх фракцый Вярхоўнай Рады Украіны на прапанове неправамернай выгоды шэрагу народных дэпутатаў, якія ўваходзяць у фракцыі, не ўзначальваемыя гэтай асобай, за галасаванне “за” або “супраць” асобных законапраектаў», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Папярэдняя прававая кваліфікацыя справы — частка 4 артыкула 369 Крымінальнага кодэкса Украіны. Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.
Імёны фігурантаў афіцыйна пакуль не раскрываюцца. У НАБУ заявілі, што падрабязнасці будуць абнародаваныя пазней.
У той жа час выданне «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы паведамляе, што дэтэктывы НАБУ і пракуроры САП праводзяць вобшукі ў офісе партыі «Бацькаўшчына». Мова пра памяшканне ў Кіеве на вуліцы Тураўскай.
Акрамя таго, праект «Схемы», са спасылкай на крыніцу ў антыкарупцыйных органах, сцвярджае, што фігуранткай расследавання з’яўляецца кіраўніца фракцыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка.