14 студзеня 2026, Серада, 9:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кронпрынц Ірана Рэза Пехлеві звярнуўся да іранскай арміі

Кронпрынц Ірана Рэза Пехлеві звярнуўся да іранскай арміі
Рэза Пехлеві

У ваенных засталося зусім мала часу, каб далучыцца да пратэстоўцаў.

Сын апошняга шаха Ірана Рэза Пехлеві заклікаў узброеныя сілы, што дзейнічаюць у Іране, далучацца да пратэстнага руху грамадзян.

Адпаведны відэазварот ён апублікаваў 13 студзеня на платформе X.

«Вы з'яўляецеся нацыянальнай арміяй Ірана, а не арміяй Ісламскай Рэспублікі. Вы абавязаныя абараняць жыццё сваіх суайчыннікаў», — падкрэсліў Пехлеві.

Заклікаючы далучацца да пратэстоўцаў, ён дадаў, што ў вайскоўцаў мала часу.

Пратэстоўцам ён таксама пакінуў паведамленне — працягваць барацьбу.

Пратэсты ў Іране

У Іране працягваюцца маштабныя антыўрадавыя пратэсты, якія ўспыхнулі ў канцы 2025 года. Яны пачаліся ў Тэгеране ў асяроддзі прадпрымальнікаў, незадаволеных эканамічнай сітуацыяй і падзеннем курсу нацыянальнай валюты адносна долара ЗША. У 2025 годзе іранскі рыял страціў амаль палову сваёй вартасці адносна долара, а інфляцыя ў снежні дасягнула 42,5%.

Да пратэстаў далучыліся нават гарады, якія раней лічыліся лаяльнымі да дзеючага рэжыму, напрыклад Кум у цэнтральнай частцы Ірана і Мешхед на паўночным усходзе.

10 студзеня спадкаемец трона дынастыі Пехлеві, кронпрынц Ірана Рэза Пехлеві, які з 1979 года пражывае ў ЗША, заклікаў іранцаў пераходзіць на новы ўзровень супрацьстаяння — паступова захопліваць гарады.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон разглядае «вельмі жорсткія» варыянты дзеянняў у дачыненні да Ірана на фоне масавых пратэстаў і гібелі іх удзельнікаў. У прыватнасці Трамп не выключыў прымянення ваеннай сілы.

13 студзеня агенцтва Reuters са спасылкай на іранскага чыноўніка паведаміла, што падчас антыўрадавых пратэстаў у Іране загінулі каля дзвюх тысяч чалавек, уключаючы супрацоўнікаў сіл бяспекі. У сваю чаргу іранскі апазіцыйны тэлеканал Iran International сцвярджае, што загінулі як мінімум 12 тысяч чалавек.

13 студзеня Трамп у сацсетцы Truth Social заклікаў іранцаў працягваць пратэсты і захопліваць установы ў краіне, заявіўшы, што дапамога ім «ужо ў дарозе».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках