Пад Бабруйскам казуля пагрэлася ў кабіне трактара
7- 13.01.2026, 15:18
- 13,948
Фотафакт.
Незвычайная сустрэча нядаўна адбылася ў работнікаў Любоніцкага лясніцтва ў Магілёўскай вобласці. Падчас расчысткі дарог пасля моцных снегападаў каля пасёлка Крапіўка Бабруйскага раёна з лесу да людзей выйшла казуля. Звычайна асцярожная і баязлівая жывёла на дзіва смела падышла да людзей і нават пагадзілася на фотасесію — проста ў кабіне трактара.
«Адразу стала зразумела, што звяр галодны. Пакармілі хлебчыкам. І высветлілася, што казуля нават не супраць пагрэцца ў кабіне», — расказалі ляснічыя раённай газеце «Кіравец». У пацвярджанне яны апублікавалі здымкі: на фота казуля ўтульна ўладкавалася ў кабіне службовага трактара «Беларус».

