Кот з Беларусі патрапіў у тройку самых прыгожых у свеце
20- 13.01.2026, 20:04
- 23,392
Яму 5,5 года.
Брытанскі кароткашэрсны кот Moki TarLen Luxury заняў трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу WCF Best Cat 2025, набраўшы 18 217 балаў. Яго абышлі шатландскі віславухі кот з Тайланда з вынікам 18 576 балаў і абісінскі кот з Расіі, які стаў лідарам рэйтынгу з 19 726 баламі, паведамляе «Белсат».
Паводле даных, апублікаваных на афіцыйным сайце федэрацыі, кату 5,5 года. Ён прадстаўляе беларускі клуб Mister Kot.
Агулам у рэйтынгу WCF за 2025 год прадстаўлены амаль 1,5 тысячы катоў і кошак з розных краін. Выніковыя пазіцыі фармуюцца на падставе вынікаў міжнародных выстаў пад эгідай федэрацыі і сумарнай колькасці балаў, набраных жывёламі цягам года.
World Cat Federation была заснаваная ў 1988 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Сёння ў яе склад уваходзяць больш за 540 феліналагічных клубаў па ўсім свеце, а выставы WCF лічацца аднымі з найбольш прэстыжных у міжнароднай кацінай супольнасці.
