Гродзенец з рэўнасці парваў пашпарт былой жонкі
5- 13.01.2026, 12:53
- 2,168
Яму пагражаюць два гады турмы.
У Гродне мужчына з рэўнасці знішчыў пашпарт былой жонкі і цяпер рызыкуе атрымаць рэальны тэрмін. Аб тым, што адбылося, паведамілі ў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
У міліцыю звярнулася 25-гадовая жыхарка горада. Паводле яе слоў, у першы дзень 2026 года да яе дадому прыйшоў былы муж. Размова хутка перарасла ў канфлікт: мужчына даведаўся, што былая жонка збіраецца ехаць у Ваўкавыск да новага выбранніка.
Ідэя паездкі выклікала ў гродзенца бурную рэакцыю. Падчас сваркі ён паспрабаваў сарваць сустрэчу радыкальным спосабам — выхапіў пашпарт жанчыны і разарваў яго. Пасля гэтага пацярпелая звярнулася па дапамогу ў праваахоўныя органы.
У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па артыкуле 378 Крымінальнага кодэкса — «Крадзеж або знішчэнне асабістых дакументаў». Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне аж да двух гадоў пазбаўлення волі.