Ці чакаць маразоў на Вадохрышча?
3- 13.01.2026, 11:15
- 2,686
Надвор’е будзе кантрасным.
Белгідрамет паведаміў беларусам пра кантраснае надвор’е на Вадохрышча 19 студзеня. Падрабязнасці ў эфіры тэлеканала СТВ агучыла намесніца начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Марына Лукша.
Спецыялістка патлумачыла: у Беларусі надвор’е да канца зімы мае неўстойлівы характар, таму рабіць прагнозы складана. Яна адзначыла, што перыяды адлігі даволі часта чаргуюцца з маразамі. Лукша таксама звярнула ўвагу, што краіна знаходзіцца ў умераных шыротах, пераважае заходні перанос паветраных мас, гэта значыць выхад атлантычных цыклонаў:
— Але ў найбліжэйшы час мы не бачым перспектывы ні атлантычных, ні паўднёвых цыклонаў, як на мінулым тыдні. У нас працэс будзе адбывацца з усходу. То бок чакаем грэбень высокага ціску менавіта Сібірскага антыцыклону, гэта значыць узмацненне маразоў.
Метэаролаг, разважаючы пра тое, якім будзе надвор’е на Вадохрышча 19 студзеня, сказала пра мінусовую тэмпературу.
— Пры гэтым мінус будзе кантрасны ў разрэзе рэспублікі. Гэта значыць, калі на захадзе, куды будзе імкнуцца прабіцца атлантычнае цяпло, яно будзе сустракаць супраціў з усходу ў выглядзе грэбня высокага ціску. Таму будзе вельмі кантрасна, — адзначыла намесніца начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета.