«Эфект Доліны» спрацаваў у Баранавічах
40- 13.01.2026, 14:11
- 26,232
Пенсіянерка прадала кватэру, аддала грошы махлярам, а цяпер не хоча высяляцца.
Пенсіянерка ў Баранавічах паддалася на хітрыкі махляроў, прадала сваю кватэру, перадала аферыстам усе грошы, а калі зразумела, што стала ахвярай злачынцаў, адмовілася высяляцца з жылля. Чым скончылася гісторыя, распавяла баранавіцкая дзяржаўная газета «Наш край».
Трохпакаёўка ў цэнтры
Усё пачалося з жадання купіць кватэру ў цэнтры горада. Два гады таму Святлана перанесла свой бізнэс у Баранавічы, але жыла за горадам. Рашэнне пераехаць бліжэй да працы наспявала даўно.
— У верасні ў мяне быў дзень нараджэння, і, можна сказаць, гэта быў падарунак з боку мужа. Частка грошай на кватэру ў нас была, астатнюю частку мы ўзялі ў крэдыт.
Пакупка была важная і для будучыні сям'і: дзеці ўжо дарослыя, і трэба было думаць пра дадатковае жыллё. Шукалі толькі цэнтр, трохпакаёвую кватэру. Для Святланы і яе мужа гэта была першая ў жыцці здзелка з нерухомасцю, калі не лічыць куплі дачнага доміка.
— Варыянт знайшлі на «Куфары». Мы патэлефанавалі, адказаў рыэлтар. З гэтага ўсё і пачалося, — распавядае яна.
«Я зачаравалася гэтай жанчынай»
Першае ўражанне было ідэальным: у кватэры іх сустрэла сама гаспадыня — пенсіянерка, яе дарослы сын і рыэлтар.
— Дастаткова ўсмешлівая, пазітыўная, адукаваная жанчына, я ёю зачаравалася. Нават звярнула ўвагу на ўнушальную бібліятэку, я заўсёды падмечваю дэталі, — расказала Святлана. — Размова была адкрытая, ані кроплі сумневу ні ў адэкватнасці яе дзеянняў, ні ў намерах у мяне не ўзнікла.
Жанчына патлумачыла продаж проста: муж даўно памёр, адной у трохпакаёвай кватэры складана спраўляцца, трэба пераязджаць. Куды — да сына ў Баранавічы ці да дачкі ў Мінск — яшчэ не вырашыла. Яна папрасіла 12 дзён пасля здзелкі, каб спакойна сабраць рэчы.
— Ні тады, ні цяпер, успамінаючы тое, што адбылося, я не бачу ніводнага трывожнага «званочка» махлярскай схемы, — патлумачыла Святлана. — Настолькі прыязнай і адкрытай была прадавачка. Не спяшалася з продажам, аб'ектыўна тлумачыла свае матывы.
Нават невялікая зніжка ад першапачатковай цаны, якую зрабіла прадавачка, тады здавалася жэстам добрай волі. Пазней Святлана даведалася, што была восьмай або дзявятай, каму паказвалі гэтую кватэру.
— Я таксама не спяшалася. Мы заключылі дамову з дызайнеркай, каб зрабіць будучую кватэру «пад сябе», і задатак я ўнесла толькі пасля яе адабрэння.
Здзелка была прызначаная на пятніцу, 3 кастрычніка.
Толькі наяўныя
Разлік адбываўся ў натарыяльнай канторы. Прадавачка настаяла на наяўных.
— Мы прапанавалі ёй пералічыць на рахунак. Яна адразу адмовілася, сказала: «патрэбныя наяўныя». Што ў цэлым таксама зразумела, прадаўцы часта аддаюць перавагу наяўнаму разліку.
Акрамя натарыуса, на здзелцы былі рыэлтар, прадавачка з сынам і Святлана з дачкой. Грошы пералічылі, дакументы аформілі. Паводле дамовы ў прадавачкі было 12 дзён, да 15 кастрычніка, каб выпісацца і вызваліць кватэру. Здавалася, справа зробленая. Не за гарамі рамонт.
«Святлана, вам хто-небудзь тэлефанаваў з Мінска?»
Праз тры дні, у панядзелак, прагучаў званок. Голас прадавачкі дрыжаў.
— Яна патэлефанавала мне асабіста і спытала: «Святлана, вам хто-небудзь тэлефанаваў з Мінска?». Я адразу не зразумела гэтае пытанне. Па абрыўках яе фраз стала разумець — адбылося нешта дрэннае. Яна нейкім чынам засталася без грошай і без кватэры. Я пачала задаваць пытанні, але ў адказ — зноў абрыўкі фраз і ўздыхі.
Святлана параіла ёй звярнуцца ў міліцыю. Увечары таго ж дня патэлефанавала дачка прадавачкі.
— Дачка сказала, што мама ў міліцыі. Пачала прасіць, каб я адмовілася ад кватэры. Стала казаць, што ўсё вернуць. З дачкой прадавачкі мы асабіста сустрэліся на наступны дзень. Тады я і даведалася, што іх маці «патрапіла ў махлярскую схему».
Яны прапанавалі вярнуць грошы за кватэру, але я не была гатовая адразу згадзіцца, мне трэба было самой разабрацца ў сітуацыі. Я вельмі разгубілася, але ў адказ пачула ўльтыматум: «Мама не будзе высяляцца. І вы не ўедзеце — кватэра арыштаваная па крымінальнай справе».
Страх, разгубленасць і першае рашэнне
Сваю першую рэакцыю Святлана апісвае як сумесь страху, панікі і поўнага неразумення таго, што адбываецца.
— Я не была ў такіх сітуацыях. Але разумела, што трэба дзейнічаць. Са знаёмым юрыстам мы склалі дасудовую прэтэнзію з патрабаваннем высяліцца ў вызначаныя тэрміны, але атрымалі адмову. Тады мы з мужам нанялі адваката і падалі пазоў у суд аб выселенні.
Адвакат адразу патлумачыў Святлане, што гэта класічная махлярская схема, але згодна з яго практыкай справу можна выйграць. Адразу папярэдзіў, што працэс можа заняць час, калі супрацьлеглы бок будзе аспрэчваць і патрабаваць правесці экспертызу пра тое, што ў момант здзелкі яна знаходзілася пад уплывам махляроў.
«Замяніце чып ад дамофона»
На першым судовым пасяджэнні выявілася жудасная і, на жаль, тыповая карціна. Прадавачка і яе сын падрабязна распавялі, як трапілі ў лапы махляроў. Першы званок быў з прапановай замяніць чып ад дамофона, на што сын прадавачкі паведаміў махлярам некаторыя даныя, што датычацца кватэры. Прадавачка западазравала нядобрае, але ўжо ўвечары ёй патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КДБ. Ён паведаміў, што званок пра чыпы быў прынадай, і, паводле іх даных, цяпер «чорныя» рыэлтары рыхтуюцца незаконна прадаць іх кватэру па падробленых дакументах. Каб «выратаваць» жыллё, трэба было дзейнічаць паводле інструкцыі «спецслужбы»: тэрмінова самім выставіць кватэру на продаж праз сапраўднае агенцтва, а атрыманыя грошы… адвезці ў Мінск для «праверкі ў Нацбанку». Пасля гэтай «праверкі» здзелку нібыта прызналі б несапраўднай, грошы вярнулі б пакупніку, а кватэру — законнаму ўладальніку.
І яны паверылі. Пытанне пра тое, як махлярам удалося заблытаць галаву адразу двум дарослым людзям — гаспадыні жылля і яе сыну, застаецца адкрытым. Але факт застаецца фактам: на наступны дзень пасля атрымання грошай ад Святланы прадавачка асабіста адвезла ўсю суму ў Мінск і аддала «кур'еру» — жанчыне паважнага ўзросту. Сын пра ўсё ведаў і таксама дапамагаў «ратаваць жыллё».
«Эфект Доліны» па-беларуску
Менавіта тут гісторыя Святланы магла б пайсці па вядомым у сумным сэнсе расійскім сцэнары, дзе падобныя спрэчкі цягнуцца гадамі, а пакупнікі гадамі не могуць засяліцца ў набытае жыллё. Аднак беларускае правапрымяненне аказалася іншым.
— Я звярнулася па кансультацыю да мінскай адвакаткі, якая добра дасведчаная пра так званы «эфект Доліны». Яе адказ мяне падбадзёрыў. Высветлілася, што Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь мае выразныя ўказанні, як дзейнічаць у такіх сітуацыях. А менавіта: калі здзелка была добрасумленная, «чыстая», без якіх-кольвек нюансаў, праведзеная ў беларускіх рублях з выплатай поўнай сумы, закон на баку пакупніка. А што робіць з атрыманымі грашыма прадавачка, пакупніка не тычыцца.
Адвакатка патлумачыла, што ў Беларусі прадметам махлярства суд разглядае не кватэру, а грошы. Кватэра прададзеная «чыста» — значыць, яна ўласнасць пакупніка. Ахвяра можа падаць у суд аб вяртанні сваіх сродкаў, а не жылля.
Тое, чым палохалі Святлану раней — арыштам кватэры па крымінальнай справе — на практыцы ў такіх справах не выкарыстоўваецца. Гэта сур'ёзна ўмацоўвала яе пазіцыю ў судзе.
Міравое пагадненне
Асэнсаваўшы тое, што адбылося, другі бок пайшоў на міравое пагадненне. На другім пасяджэнні яны прапанавалі вярнуць не толькі поўны кошт кватэры, але і ўсе спадарожныя выдаткі Святланы.
— Мірнае ўрэгуляванне спрэчкі заключалася ў тым, што яны былі гатовыя пакрыць абсалютна ўсе страты. Адваката, пазоў у суд, сплату дзяржпошліны, працэнты ў банку па крэдыце, які мы плацім. Нават «згарэлы» аванс дызайнерцы. Яны гатовыя былі ўсё пакрыць… І вярнулі абсалютна ўсё.
Грошы былі сабраныя цягам двух тыдняў, і 15 снежня бакі зноў сустрэліся ў натарыуса, каб аформіць зваротную здзелку куплі-продажу. У той жа дзень Святлана выпісалася з кватэры, якая так і не стала яе домам. Увесь працэс ад пакупкі да вяртання грошай заняў крыху больш за два месяцы.
Ні злосці, ні крыўды
Падчас інтэрв'ю Святлана не раз паўтарала, што не адчувае непрыязі да прадавачкі.
— Мне шчыра шкода гэтую жанчыну, яна ўзросту маёй мамы, разумею, якое гэта для яе ўзрушэнне. Ні злосці, ні крыўды я на яе не трымаю. І вельмі за яе перажываю. Але для сябе я таксама вынесла ўрок — быць асцярожней. Цяпер нават знаёмым у размове па тэлефоне асабістыя даныя я не паведамляю. У цэлым любыя пытанні стараюся вырашаць асабіста ў афіцыйных месцах, а не па званку.
Але гэты досвед яе не зламаў і не прымусіў адмовіцца ад пошуку жылля.
— Сёння я афармляю здзелку па куплі новай кватэры. І нават калі мне пагражае такая ж сітуацыя, я ўжо выдатна ведаю, як сябе весці і што закон у нас на баку добрасумленнага пакупніка. І ісці ў суд з такой пазіцыяй мне не страшна, нават калі мяне падмануць другі раз.
«Эфект Доліны»
Нагадаем, Вярхоўны суд Расіі 16 снежня паставіў кропку ў разглядзе справы аб кватэры Ларысы Доліны ў цэнтры Масквы, здзелка па продажы якой прадпрымальніцы Паліне Лур'е раней была адмененая судамі ніжэйшых інстанцый. Паводле рашэння Вярхоўнага суда РФ права ўласнасці застаецца за Лур'е, а Доліна незаконна пражывае ў кватэры і павінна яе пакінуць. Пытанне аб прымусовым выселленні спявачкі і яе сям'і мае разгледзець Масгарсуд.
Раней у сацсетках шырокую вядомасць атрымаў «эфект Доліны». Усё пачалося пасля таго, як у 2024 годзе спявачка аддала тэлефонным махлярам больш за 300 мільёнаў расійскіх рублёў (звыш 3 млн долараў) — у тым ліку грошы з продажу пяціпакаёвай кватэры ў Маскве. Зразумеўшы, што яе падманулі, Доліна звярнулася ў суд і выйграла яго. У выніку кватэру ёй вярнулі. А пакупніцы, што засталася без кватэры, прапанавалі спрабаваць забраць грошы ў махляроў.
Расейцаў абурыў учынак Доліны, якая пакінула пакупніцу яе кватэры і без жылля, і без грошай. Гледачы пачалі масава здаваць білеты на канцэрты артысткі.