У расійскім Таганрозе палае завод па вытворчасці беспілотнікаў.
3- 13.01.2026, 8:40
- 4,406
Пад удар трапіла прадпрыемства «Атлант Аэро».
Пад раніцу, 13 студзеня, невядомыя дроны атакавалі расійскі горад Таганрог. Пад ударам аказалася прадпрыемства па вытворчасці дронаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расійскія і маніторынгавыя тэлеграм-каналы.
Судзячы з публікацый у пабліках, атака на горад пачалася прыкладна а 5-й раніцы па кіеўскім часе. Мясцовыя каналы паведамлялі, што Таганрог атакуюць беспілотнікі, таму працуе СПА.
Паралельна ў сацсетках пачалі з'яўляцца кадры, на якіх бачны пажар. Маніторынгавыя каналы сцвярджаюць, што пад удар трапіла прадпрыемства «Атлант Аэро».
Крыху пазней атаку на горад пацвердзіў губернатар рэгіёна Юрый Слюсар. Аднак пра прадпрыемства ён нічога не сказаў.
«Сілы СПА проста цяпер адбіваюць паветраную атаку на Таганрог. Інфармацыя пра пацярпелых сярод людзей не паступала. Даныя пра наступствы на зямлі ўдакладняюцца. Прашу выконваць максімальную асцярожнасць, прытрымлівацца ўказанняў надзвычайных ведамстваў, не выходзіць на вуліцу і не падыходзіць да вокнаў», — гаварылася ў яго паведамленні а 05:55.
Крыху пазней у сетцы з'явіліся яшчэ некалькі кадраў наступстваў атакі.
Заўважым, што прадпрыемства «Атлант Аэро» вырабляе кампаненты для баявых дронаў, сістэм кіравання, а таксама комплексаў РЭБ. У прыватнасці, вытворчасць сканцэнтраваная на распрацоўцы дронаў «Арыён» і FPV-беспілотнікаў.