Для кіроўцаў з’явіліся чарговыя змены
10- 12.01.2026, 19:56
- 30,782
Адно з іх тычыцца вадзіцельскіх пасведчанняў.
У Беларусі з’явіліся навацыі для ўладальнікаў транспарту. Так, для іх пашырылі спіс паслуг ад МУС, якія можна атрымаць дыстанцыйна на партале «Е-Паслуга». Навіна датычыцца як фізічных асоб, так і кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў, піша «Зеркало».
Адна з новых паслуг — дыстанцыйнае зняцце з уліку транспартных сродкаў. Гэтая опцыя цяпер прадугледжаная як для насельніцтва, так і для арганізацый. Кошт — адна базавая велічыня (на сёння гэта 45 рублёў).
Для насельніцтва таксама з’явілася магчымасць дыстанцыйна атрымаць такую паслугу, як «абмен, выдача замест страчанага (пахішчанага) вадзіцельскага пасведчання». А яшчэ — такога дакумента старога ўзору з надпісам МУС СССР. Але ў гэтай паслугі ёсць абмежаванні. Па-першае, скарыстацца ёю не змогуць тыя, пра чые вадзіцельскія пасведчанні няма звестак у базе ДАІ. Па-другое, яна недаступная тым, каго пазбавілі права кіраваць транспартам.
Дзяржпошліна за выдачу вадзіцельскага пасведчання — дзве базавыя велічыні (90 рублёў), а пры замене гэтага дакумента з-за страты або крадзяжу — тры (135 рублёў). Таксама давядзецца заплаціць за афармленне заявы — 0,08 базавай велічыні (3,6 рубля), за камп’ютарныя паслугі — 0,04 базавай (1,8 рубля).
Таксама з’явіліся і іншыя паслугі МУС, якія датычацца кіроўцаў і якія можна атрымаць дыстанцыйна.
Навацыі пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2026 года.