5 снежня 2025, Пятніца, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Пра здзелку з Лукашэнкам Трамп і Пуцін дамовіліся яшчэ на Алясцы

7
Наталля Радзіна: Пра здзелку з Лукашэнкам Трамп і Пуцін дамовіліся яшчэ на Алясцы
Наталля Радзіна
Фота: «Белсат»

Здзелка павінна быць скасаваная, пакуль не будзе вызвалены Мікалай Статкевіч.

У інтэрв’ю YouTube-каналу вядомага журналіста Яўгена Кіселёва галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна пракаментавала выхад на волю 52 палітвязняў. Падзею, што адбылася 11 верасня, беларуская журналістка называе не «вызваленнем», а «прымусовай дэпартацыяй», бо вязні сумлення былі высланыя ў Літву:

— Адзіны палітвязень, які адмовіўся, заявіў пра сваё законнае права заставацца на тэрыторыі Беларусі, — гэта быў Мікалай Статкевіч. Мы шмат разоў гаварылі пра яго ў нашых эфірах, і вось гэты чалавек паказаў прыклад сапраўднага лідарства, мужнасці і самаахвярнасці. Мы дагэтуль не ведаем, дзе знаходзіцца Мікалай Статкевіч, хаця ўжо мінула больш за тыдзень.

Спачатку з’явілася інфармацыя, што яго вярнулі ў калонію асаблівага рэжыму ў горадзе Глыбокім, дзе ён знаходзіўся дагэтуль. Гэта адна з самых жахлівых турмаў Беларусі. Мікалай Статкевіч прабыў там больш за пяць гадоў, і большую частку часу ён знаходзіўся ў адзіночнай камеры. Умовы ў ёй жудасныя, параўнальныя са сярэднявечнымі, бо ён знаходзіўся ў падвале манастыра XVIII стагоддзя, дзе жахлівая сырасць, падчас дажджоў у яго камеры вады было па шчыкалаткі. За гэты час палітык тройчы перахварэў на кавід, у яго быў інфаркт. Усё гэта мы даведаліся ад іншых палітвязняў, якія змаглі з ім убачыцца перад дэпартацыяй.

У Мікалая Статкевіча — арытмія, сур’ёзныя праблемы са здароўем, мы не ведаем, што з ім цяпер адбываецца. Лічу, што здзелка Лукашэнкі з Трампам павінна быць скасаваная, пакуль Мікалай Статкевіч не будзе вызвалены і пакуль яму не дазволяць жыць у Беларусі, на што ён мае абсалютнае законнае права. Здымаць санкцыі з «Белавіі», адкрываць пасольства ў Мінску на фоне таго, што рэальны лідар беларускай апазіцыі працягвае знаходзіцца ў зняволенні, яго жыццю пагражае небяспека, нельга.

Наталля Радзіна адзначае, што рэжым баіцца Мікалая Статкевіча, і менавіта па гэтай прычыне дыктатар не можа дазволіць лідару апазіцыі заставацца на свабодзе:

— Для Лукашэнкі гэта сур’ёзная падзея, ніхто не кідаў яму такіх выклікаў. Так, у беларускай апазіцыі шмат мужных людзей, але тое, што зрабіў Мікалай Статкевіч, шакавала і самога Лукашэнку. Учынак Мікалая Віктаравіча натхніў як беларусаў унутры краіны, так і эміграцыю.

Рацыянальна гэта ацэньваць нельга, трэба проста прыняць, што ёсць людзі, для якіх каштоўнасці свабоды, дэмакратыі, незалежнасці важнейшыя за жыццё. Мікалай Віктаравіч якраз з такіх людзей.

Таксама Наталля Радзіна і Яўген Кіселёў абмеркавалі тэму польска-беларускай мяжы, якая застаецца закрытай з 12 верасня паводле рашэння Варшавы:

— Афіцыйна заяўлена, што мяжа закрытая на нявызначаны тэрмін, і польскія ўлады наўпрост казалі, што пытанне бяспекі важнейшае за эканоміку.

Як выказаўся міністр замежных спраў Польшчы Радослав Сікорскі, «чаша цярпення палякаў перапоўненая». Ідзе гаворка і пра атаку беспілотнікамі тэрыторыі Польшчы, і пра вучэнні «Захад-2025» з агрэсіўным сцэнаром, дзе якраз адпрацоўваўся напад і на Польшчу, і на Літву, і захоп Сувалкскага калідора. Больш за тое, працягваецца пераслед польскай меншасці ў Беларусі, затрымліваюць каталіцкіх ксяндзоў. Нядаўна быў затрыманы польскі манах, нібыта па абвінавачанні ў шпіянажы. Закрываюцца польскія школы, знішчаюцца польскія помнікі, польскія магілы, і на гэтым фоне працягваюцца атакі мігрантамі на польскую мяжу, якія пачаліся яшчэ ў 2021 годзе, і сёння яны толькі ўзмацніліся.

Нядаўна адбылася сустрэча міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага з кіраўніком МЗС Кітая Ван І, які прыязджаў у Варшаву, і яны якраз абмяркоўвалі гэтае пытанне. Польскі бок спадзяецца, што Кітай у гэтай сітуацыі зможа нейкім чынам паўплываць на Лукашэнку. Але мы ж выдатна разумеем, што пытанне атак на мяжу Польшчы вырашае не Лукашэнка, а Пуцін.

Лукашэнка можа, напрыклад, вызваліць польскіх ксяндзоў, спыніць ціск на польскую меншасць і вызваліць журналіста Анджэя Пачобута. Але вось атакаваць польскую мяжу мігрантамі або беспілотнікамі — гэта ўжо не яго рашэнне. Паглядзім, што зробіць Кітай, бо для яго закрыццё мяжы з Польшчай вядзе да сур’ёзных страт.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org распавяла, чаму для Пекіна такая важная беларуска-польская мяжа:

— Шлях ад кітайскай мяжы да Еўразвязу па чыгунцы займае прыкладна 5–7 дзён. І галоўным чынам праз Беларусь ідуць хуткапсавальныя тавары, якія неабходна тэрмінова даставіць у Еўропу. Асноўны паток кітайскіх тавараў ідзе па моры, і шлях даволі працяглы — прыкладна месяц, а калі караблі абыходзяць Афрыку — дык і два месяцы.

Я чытала, што нібыта рыхтуюцца нейкія альтэрнатыўныя шляхі праз Арктыку, але мы выдатна разумеем, што гэта пытанне доўгага часу, пакуль яны будуць адладжаныя. Думаю, што ўсё ж такі для Кітая калідор праз Беларусь надзвычай важны. І яны будуць вымушаныя размаўляць як з Лукашэнкам, так і, натуральна, з яго гаспадаром Пуціным, каб неяк вырашыць гэтае пытанне.

Пакуль жа Беларусь нясе вялікія страты ад закрыцця мяжы, бо чыгунка штодня губляе каля паўмільёна еўра. То-бок ужо страчаныя мільёны еўра і будуць далей страчвацца менавіта з-за спынення чыгуначнага транзіту кітайскіх тавараў.

Тое, што робіць Польшча, надзвычай важна. Ціск на рэжым Лукашэнкі праз закрыццё межаў — гэта магчымасць змяніць шмат што ў Беларусі, вызваліць не дзясяткі, а ўсіх палітвязняў. І, натуральна, Польшча можа вырашыць пытанне бяспекі межаў. І вельмі многага можна дасягнуць менавіта такім шляхам, асабліва калі з Варшавай салідарызуюцца Літва і Латвія.

Зараз грузавыя плыні перанакіраваныя ў Літву. І, вядома, там грандыёзныя чэргі — сотні і тысячы фур на мяжы. Калі б пазіцыя краін-суседак Беларусі была агульнай, гэта была б самая жорсткая і эфектыўная санкцыя супраць рэжыму Лукашэнкі.

Таксама надзвычай важна, каб не атрымалася так, што палякі адкрыюць чыгуначнае паведамленне для грузаў з Кітая, але не адкрыюць, напрыклад, пункты пропуску для грамадзянскіх асоб, — тады гэтая санкцыя ў першую чаргу ўдарыць па беларусах, а не па эканоміцы рэжыму.

Наталля Радзіна пракаментавала ўварванне расійскіх знішчальнікаў у паветраную прастору Эстоніі, што адбылося 19 верасня:

— Чаму не збілі? Мелі права збіваць. Эрдаган збіў расійскі самалёт над Турцыяй — і нічога не было. Больш не лёталі. Нічога дзіўнага не адбылося, мы з вамі казалі, што правакацыі будуць працягвацца да таго часу, пакуль не будзе жорсткага адказу Пуціну. Расія тэстуе НАТА і, гледзячы па адсутнасці якой-небудзь зразумелай рэакцыі, разумее, што можна далей тэрарызаваць гэтыя дзяржавы, а ў наступстве можа быць і напад на Літву, на Латвію, на тую ж Эстонію. Тое, што адпрацоўвалася на беларуска-расійскіх вучэннях «Захад-2025».

Калі ў маіх эфірах журналісты пыталіся пра гэтыя манеўры, я адказвала: глядзіце сцэнар і проста верце ў тое, што рана ці позна яны гэта рэалізуюць. Не трэба шукаць тут ніякага падтэксту.

Ідзе чацвёрты год вайны. Правакацыі ў дачыненні да краін НАТА ўзмацняюцца. А на Захадзе дагэтуль няма пратаколаў дзеянняў. Гэта цяпер грандыёзны правал. І тое, што адбывалася ў Польшчы, і тое, што адбывалася не адзін раз, калі беспілотнікі заляталі ў Румынію, — і не было ніякай рэакцыі. У Літву яны заляталі — і не было ніякай рэакцыі. Цяпер ужо самалёты па 12 хвілін у паветранай прасторы Эстоніі. І дзе ваш адказ?

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org заклікае не недаацэньваць патэнцыял войскаў Лукашэнкі і Пуціна:

— Ведаю, што ў беларускай арміі актыўна ідзе навучанне ваеннаслужачых кіраванню беспілотнымі апаратамі. Вядзецца падрыхтоўка да адбіцця атак БПЛА. Беспілотнікі сёння вырабляюцца на тэрыторыі Беларусі, адразу на некалькіх прадпрыемствах.

Беларускае войска пераймае расійскі досвед. Мы разумеем, што сёння ёсць толькі дзве краіны, якія могуць ваяваць ва ўмовах сучаснай вайны, — Расія і Украіна. Краіны НАТА, на жаль, судзячы з апошніх падзей, не гатовыя да таго, што сёння вайна вядзецца зусім новымі сродкамі — пры актыўным выкарыстанні БПЛА. І толькі цяпер яны пачалі гаварыць пра «сцяну дронаў», але зноў жа — колькі часу сыдзе на яе стварэнне.

Я заўсёды кажу, што беларусы не хочуць ваяваць супраць украінцаў. Яны не хацелі б падымаць зброю супраць людзей, якія для нас сапраўды браты.

Але Лукашэнку проста паставяць перад фактам: або адпраўляеш армію ва Украіну, або цябе праз дзве гадзіны ўвогуле не будзе на гэтым белым свеце. Вось і ўсё. Як яго ніхто не пытаў, калі тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася расійскай арміяй.

Яўген Кіселёў задаў пытанне пра суб’ектнасць Лукашэнкі. Чаму Трамп размаўляе з беларускім дыктатарам, калі той з’яўляецца расійскай марыянеткай. Наталля Радзіна лічыць, што Пуцін папярэдне ўхваліў перамовы паміж Мінскам і Вашынгтонам:

— Сам Лукашэнка ні за што б не сустракаўся ні з якім Кітам Келогам, спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША, і не дамаўляўся б пра вызваленне палітвязняў, пра адкрыццё пасольства ЗША ў Мінску, не дамовіўшыся загадзя пра гэта з Пуціным.

Пуціну надзвычай выгадна ўцягваць Трампа ў пэўны перамоўны працэс. Трамп выдатна разумее, хто такі Лукашэнка. Гэта галоўны саюзнік Пуціна. А навошта тады Трамп з ім возіцца? Чаго ён хоча? Па-першае, вызваленне палітвязняў можа быць выклікана жаданнем прэзідэнта ЗША атрымаць Нобелеўскую прэмію. Яму ўжо не важна, як гэтых людзей вызваляюць, што іх дэпартуюць з Беларусі. Яго ўвогуле не хвалюе, якім чынам. Галоўнае, што ён можа сказаць: а я вызваліў 1300 чалавек. Не важна, што яны выкінутыя з краіны, а Лукашэнка шчаслівы, што дэпартаваў патрыётаў. «Я ж вызваліў, дайце мне прэмію». Гэта адзін момант.

Другі момант — зняцце санкцый з «Белавіі». Я наогул, шчыра кажучы, думаю, што Трамп мог дамовіцца пра гэта з Пуціным яшчэ на Алясцы. Бо цяпер праз Беларусь расійскія «Боінгі» змогуць атрымліваць амерыканскія камплектуючыя.

У Расіі вельмі часта падаюць самалёты, і ім вельмі патрэбныя гэтыя камплектуючыя, якія з-за санкцый у Расію не пастаўляюцца. Цяпер і камплектуючыя, і праграмнае забеспячэнне будуць ісці ў расійскія авіяпаркі праз Беларусь.

Чаму ж Пуцін, чыя армія сёння пакутуе ад дэфіцыту асабовага складу, не накіруе беларускіх вайскоўцаў на вайну ва Украіну? Наталля Радзіна ўказала на адрозненне беларусаў ад расіян:

— Пуцін выдатна разумее, што беларусы не лаяльныя ні да самога Лукашэнкі, ні да расійскага рэжыму. І 2020 год гэта яму ясна паказаў, калі мільён грамадзян краіны выйшаў пратэставаць супраць рэжыму Лукашэнкі. І за гэтыя пяць гадоў сітуацыя не змянілася. Не ўсе з’ехалі і селі ў турмы. І грамадства ненавідзіць гэты рэжым. Хай яно цяпер і ў задушаным стане, людзі не могуць актыўна выказваць свой пратэст. Тым не менш, калі беларусам даць у рукі зброю і адправіць іх на тэрыторыю Украіны, невядома, што атрымаецца.

Я меркую, што большасць беларускіх вайскоўцаў здадуцца ў палон, проста кінуць гэтую зброю і не пойдуць ваяваць. І гэтыя настроі — паўсюль. Яны не толькі сярод палітычна актыўных грамадзян, яны і сярод беларускіх вайскоўцаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках