Аляксей Гетман: Расіяне не чакалі, што мы будзем атакаваць такімі ракетамі
27- 2.09.2025, 15:26
- 30,768
«Фламінга» могуць дацягнуцца да вельмі цікавых мэт.
Украінскія ракеты «Фламінга» паразілі расійскія мэты у часова акупаваным Крыме. 30 жніўня ракетным ударам былі паражаныя памежная застава, якой кіруе ФСБ РФ, і база патрульных катэраў паблізу Армянска.
Расійская СПА аказалася бяссільная — ні адна ракета не была перахопленая. Наколькі значным з'яўляецца першы паспяховы ўдар «Фламінга» па базе ФСБ у Крыме?
Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да ваеннага эксперта, маёра запасу Нацгвардыі Украіны Аляксея Гетмана:
— Расіяне не чакалі, што мы будзем атакаваць такімі ракетамі. Тым не менш наўрад ці варта разлічваць, што «Фламінга» — нейкая асаблівая ракета, якую немагчыма перахапіць сродкамі СПА. Яна даволі вялікая па памерах — 6 метраў. Не думаю, што яна якасна лепшая, чым Storm Shadow, Scalp або «Тамагавк», але, як паказвае практыка, расіянам цяжка змагацца з крылатымі ракетамі.
Калі атака была на Крым, можна меркаваць, што гэтыя ракеты падляталі да мэты нізка над вадой, заходзілі з мора, а калі ракета ляціць на малой вышыні («Нептун» можа ляцець на вышыні тры метры над вадой), пры вялікіх хвалях заўважыць такую мэту радыёлакацыйнымі сродкамі практычна немагчыма.
Скажу, што не хочацца зачароўвацца, каб потым расчароўвацца. Няма нейкіх супермагчымасцяў у ракеты «Фламінга». Гэта нядрэнная крылатая ракета. Даволі простая, у параўнанні, напрыклад, з той жа Storm Shadow. Яна даволі эфектыўная, не горшая па эфектыўнасці, чым «Нептун».
Таму такія ракеты мы будзем выкарыстоўваць, улічваючы рэльеф мясцовасці. Калі параўноўваць з баллістычнымі ракетамі, яна будзе «хавацца» за рэльефам мясцовасці. Паглядзім, якім будзе каэфіцыент збіцця, бо няма такога ўзбраення, якое на 100% можа даляцець да мэты.
— Якія стратэгічныя аб’екты Расіі могуць стаць мэтамі «Фламінга» ў бліжэйшыя месяцы?
— Была афіцыйная інфармацыя пра тое, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з галоўнакамандуючым ЗСУ Аляксандрам Сырскім некалькі дзён таму праводзілі нараду. На ёй былі ўзгодненыя пытанні наконт удараў па ваенных і ваенна-прамысловых аб’ектах РФ ў глыб, на вялікую адлегласць. «Фламінга» лётае да трох тысяч кіламетраў. Можна разлічваць, што гэтыя ўдары будуць за тысячу кіламетраў ад лініі фронту або ад украінскай мяжы.
— Колькі ракет «Фламінга» Украіна здольная вырабляць цяпер? Ці можа серыйнае выкарыстанне гэтых ракет змяніць баланс сіл у вайне?
— Можа змяніць баланс сіл, бо могуць знішчацца такія аб’екты Расіі, якія яны лічылі недасяжнымі. Ёсць інфармацыя, што сёння вырабляецца адна ракета ў дзень. Праўдзівая гэта інфармацыя ці не вельмі — мы дакладна не ведаем.
Можна меркаваць, што на сёння лічбы ў 30–40 ракет на месяц даволі рэальныя для нас. Ці зможам мы маштабаваць? Хацелася б, каб гэтая лічба павялічылася хаця б у 10 разоў.