Эстонія папрасіла НАТА актываваць 4-ы артыкул Статута
12- 19.09.2025, 21:13
- 10,256
З-за ўварвання расійскіх знішчальнікаў.
Прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал сказаў, што яго краіна папрасіла НАТА аб кансультацыях у сувязі з парушэннем паветранай прасторы расійскімі знішчальнікамі.
У пятніцу тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору Эстоніі над Фінскім залівам і знаходзіліся там агулам 12 хвілін. У НАТА паведамілі, што ажыццявілі перахоп самалётаў.
Эстонскі прэм'ер назваў парушэнне паветранай прасторы «абсалютна недапушчальным».
«Урад Эстоніі вырашыў звярнуцца да НАТА з просьбай аб кансультацыях у адпаведнасці з артыкулам 4 (Паўночнаатлантычнай дамовы. — Рэд.)», — дадаў Крыстэн Міхал.
Галоўная дыпламатка Еўрапейскага саюза Кая Каллас раней назвала інцыдэнт «надзвычай небяспечнай правакацыяй» і падкрэсліла, што такім чынам Расія выпрабоўвае рашучасць Захаду.