У Падмаскоўі скончыў жыццё самагубствам гендырэктар структуры «Росатома»
17- 19.09.2025, 20:34
- 16,512
Яму было 50 гадоў.
У Падмаскоўі знайшлі мёртвым генеральнага дырэктара АО «НПК «Химпроминжиниринг» Аляксандра Цюніна, піша ТАСС са спасылкай на аператыўныя службы. Цела знайшлі каля машыны на дарозе недалёка ад лесу, побач ляжала паляўнічае ружжо і запіска са скаргамі на дэпрэсію, расказаў суразмоўца агенцтва. Разглядаецца версія самагубства.
Baza ўдакладніла, што Цюніна знайшлі каля яго аўтамабіля ў пасёлку Кокошкіна на захадзе расійскай сталіцы. Паводле даных «МК», у перадсмяротнай запісцы гаварылася, што ён вырашыў скончыць жыццё самагубствам, бо стаміўся пяты год змагацца з дэпрэсіяй, якая «становіцца ўсё горш». Цюніну было 50 гадоў, піша The Moscow Times.
«Химпроминжиниринг» — навукова-вытворчая кампанія, якая ўваходзіць у «Росатом», і распрацоўвае і выпускае вугляродныя кампазіты для авіяцыі, энергетыкі і прамысловасці. Цюнін стаў яе гендырэктарам у красавіку 2016 года. Пазней кампанія ўвайшла ў дывізіён «Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі» пад брэндам Umatex, які ў лютым 2023 года трапіў пад санкцыі ЗША.
Цюнін — ужо 20-ы топ-менеджар, які загінуў пры загадкавых абставінах з пачатку вайны ва Украіне. Каля 10 дзён таму пад Калінінградам знайшлі мёртвым гендырэктара кампаніі па здабычы калійна-магніевых соляў «К-Поташ Сервис» Аляксея Сініцына: абезгалоўлены труп ляжаў пад мостам, на ім быў замацаваны буксіровачны трос.
У жніўні стала вядома пра смерць Дзмітрыя Асіпава, старшыні савета дырэктараў «Уралкалия», і Міхаіла Кеніна, заснавальніка і асноўнага акцыянера ГК «Самолет» — найбуйнейшага ў Расіі забудоўшчыка. Прычыны іх смерці засталіся невядомымі.