У перамовах аб гарантыях бяспекі для Украіны ёсць прагрэс
2- 19.09.2025, 19:56
- 2,484
Пра гэта заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Украіны.
Украіна дасягае прагрэсу ў перамовах аб фармалізацыі юрыдычна абавязковых гарантый бяспекі з ЗША і еўрапейскімі саюзнікамі.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца заявіў у інтэрв'ю Reuters.
- Я лічу, што мы дасягаем прагрэсу (адносна гарантый бяспекі для Украіны - рэд.). Я думаю, што гэты вельмі інтэнсіўны перыяд абмену меркаваннямі дазваляе нам значна лепш і больш канкрэтна зразумець, хто што гатовы рабіць, а хто на што здольны, - сказаў Кісліца.
Ён таксама папярэдзіў еўрапейскіх саюзнікаў, што расійскі дыктатар Пуцін не спыніць сваю ваенную агрэсію на мяжы Украіны, і час для смелых дзеянняў настаў цяпер.
- Калі еўрапейцы сур'ёзна ставяцца да сваёй бяспекі, ім давядзецца прымаць складаныя рашэнні. Я думаю, што абавязак еўрапейскіх палітыкаў - звярнуцца да сваіх выбарцаў і растлумачыць кожнай сям'і, чаму іх дабрабыт залежыць ад здольнасці Украіны абараняць сябе і абараняць увесь кантынент, - адзначыў першы намеснік міністра.
Кісліца назваў еўрапейцаў найлепшымі сябрамі Кіева, але адзначыў, што супрацоўніцтва з ЗША з'яўляецца ключавым, бо яно забяспечвае лагістычную і паветраную падтрымку, а таксама дае разведвальныя даныя, якія будуць вызначальнымі для доўгатэрміновай бяспекі Украіны.
Ён таксама дадаў, што яшчэ трэба прыняць рашэнне, ці будзе Украіна мець шэраг двухбаковых дамоваў са сваімі еўрапейскімі саюзнікамі, ці шматбаковае пагадненне паміж некалькімі краінамі.