У гродзенскім санаторыі паскардзіліся, што засталіся без польскіх турыстаў
7- 19.09.2025, 15:57
- 5,544
Усяму віною — закрытая мяжа.
З-за закрыцця польска-беларускай мяжы ў многіх турыстаў сарваўся адпачынак. Цяпер сярод адпачывальнікаў няма ніводнага паляка, распавяла ў TikTok дзяржаўнага выдання «Гродзенская праўда» галоўная ўрач санаторыя Ірына Луканская. На гэта звярнуў увагу партал Hrodna.life.
Па словах Ірыны Луканскай, сярод адпачывальнікаў цяпер няма ніводнага паляка. Яна звязала гэта з закрыццём польска-беларускай мяжы.
«Людзі з’язджалі нават датэрмінова, бо баяліся, што не змогуць вярнуцца ў сваю краіну. У выніку гэта парушэнне іх правоў. Хочуць адпачываць у Беларусі — бо мы краіна адкрытая, бязвізавая. Прыязджайце, адпачывайце, знаёмцеся з нашай культурнай спадчынай, глядзіце, якая Беларусь мірная і цудоўная. Але людзі былі вымушаныя пакінуць і санаторый, і краіну, каб гарантавана вярнуцца дадому і не баяцца праблемаў з вяртаннем», — сказала галоўная ўрач.
Яна ўдакладніла, што цяпер санаторый цалкам загружаны: каля паловы гасцей — замежнікі, перадусім расіяне.
Луканская заклікала «аб’ядноўваць намаганні і змагацца», а не «ставіць абсалютна штучныя межы». Праўда, у каментарах ёй нагадалі, што гэта Беларусь адчыніла свае межы для нападу на Украіну, праводзіла вучэнні «Захад-2025» і справакавала міграцыйны крызіс ля польскай мяжы.
Пражыванне з 26 па 28 кастрычніка для двух грамадзян ЕС у двухмесным аднапакаёвым нумары з пяціразавым харчаваннем (без працэдур) у санаторыі «Нёман-72» каштуе 100 еўра. Для беларусаў гэта выйдзе крыху даражэй — 362,56 рубля.
Польшча цалкам закрыла мяжу ў ноч з 11 на 12 верасня. Нагодай сталі расійска-беларускія ваенныя вучэнні «Захад-2025», што праводзіліся ў нашай краіне з 12 па 16 верасня.