СБУ расследуе катаванні ўкраінскіх палонных на тэрыторыі Беларусі
4- 19.09.2025, 14:51
- 10,444
Названыя магчымыя падазраваныя.
Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны адразу пасля вызвалення ад расійскіх войскаў Кіеўскіх і Чарнігаўскіх вобласцей узбудзіла крымінальную справу па фактах ваенных злачынстваў на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях і непасрэдна ў Расіі, а цяпер дадала ў яе эпізоды пра катаванні ў Беларусі.
Справу ўзбудзілі яшчэ 15 красавіка 2022 года. Як паведаміў «Радыё Свабода» крыніца, блізкая да праваахоўных органаў Украіны, цяпер у справе шмат эпізодаў жорсткага абыходжання з украінскімі ваеннапалоннымі і цывільнымі асобамі з боку, сярод іншых, «неўстаноўленых асоб з ліку палітычнага кіраўніцтва і кіраўніцтва Узброеных Сіл, іншых ваенных фармаванняў і праваахоўных органаў Расіі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, на тэрыторыі Расіі і Рэспублікі Беларусь».
У межах расследавання па справе пацярпелымі прызнаныя больш за 300 чалавек, пераважна раней вызваленыя з расійскага палону ўкраінскія цывільныя і вайскоўцы. Некалькі дзесяткаў чалавек прызнаныя падазраванымі — гэта грамадзяне Расіі і Украіны, якія незаконна затрымлівалі ўкраінцаў і змяшчалі іх у турмы, калоніі, імправізаваныя ізалятары, створаныя на тэрыторыі прадпрыемстваў, прамысловых складоў і ў падвалах на захопленых украінскіх тэрыторыях.
Сярод абвінавачаных — вайскоўцы не толькі рэгулярных армейскіх фармаванняў, але і прыватных армій Расіі, у тым ліку прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер».
Субяседнік «Свабоды» не ўдакладніў, якія эпізоды катаванняў на тэрыторыі Беларусі расследуюцца ў межах справы.
Вядома прынамсі адно месца, дзе гэта магло адбывацца — расійскі фільтрацыйны лягер, размешчаны ў горадзе Нараўля Гомельскай вобласці і які дзейнічаў на пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.