Сын Трампа правёў таемную сустрэчу з Эрдаганам
2- 19.09.2025, 14:15
- 4,934
Падчас неанансаванага візіту ў Стамбуле.
Старэйшы сын прэзідэнта ЗША Дональда Трампа – Дональд Трамп-малодшы – правёў сустрэчу з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам у Стамбуле падчас неанансаванага візіту.
Пра гэта паведамляе Middle East Eye са спасылкай на крыніцы.
Спачатку пра візіт сына прэзідэнта ЗША паведаміў старшыня турэцкай апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі Озгур Озель.
Ён сцвярджаў, што Эрдаган вёў «таемныя перамовы» са старэйшым сынам прэзідэнта ЗША па Газе.
«У пратаколе ён (Дональд Трамп-малодшы. – Рэд.) быў названы «бізнесменам», але падчас візіту яго імя не згадвалася. Пакуль Палестына абліваецца крывёю, яны робяць бізнес з сынам Трампа праз лабісцкія кампаніі», – заявіў Озель на мітынгу ў Стамбуле.
Пазней крыніца, блізкая да Эрдагана, пацвердзіла, што ў сераду Трамп-малодшы сапраўды сустракаўся з турэцкім прэзідэнтам, аднак, паводле слоў суразмоўцы, гэта быў толькі «візіт ветлівасці».
Крыніца заявіла, што не было ніякай афіцыйнай дыскусіі па Газе або любых іншых канкрэтных тэмах.
Хаця Трамп-малодшы не мае афіцыйнай ролі ў адміністрацыі свайго бацькі, яго лічаць вельмі ўплывовым у Белым доме. Цяпер ён займае пасаду выканаўчага віцэ-прэзідэнта Trump Organization.
Акрамя таго, паводле звестак крыніц, Эрдаган імкнецца да двухбаковай сустрэчы з прэзідэнтам ЗША на наступным тыдні на палях саміту Генеральнай асамблеі ААН.
Нагадаем, у маі Трамп-малодшы заяўляў, што, магчыма, калі-небудзь ён будзе балатавацца на пасаду прэзідэнта, бо ў яго ёсць «пакліканне».