Украіна абвясціла вайну расійскай нафтавай прамысловасці
- 19.09.2025, 12:14
- 3,404
Далёкасць і дакладнасць атак Кіева павялічваюцца з кожным днём.
Украіна працягвае стратэгію ціску на эканоміку Расіі, атакуя яе нафтаперапрацоўчыя заводы і парты. На гэты раз мэтай стаў Кірышскі НПЗ у Ленінградскай вобласці — адзін з найбуйнейшых у краіне, паведамляе National Security Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Украінскія беспілотнікі паразілі завод, размешчаны амаль у 800 кіламетрах ад мяжы. Паводле звестак Reuters, у выніку ўдару быў выведзены з ладу ключавы тэхналагічны вузел, які забяспечваў каля 40% вытворчых магутнасцяў прадпрыемства. Чакаецца, што рамонт зойме не менш за месяц.
Кірышскі НПЗ перапрацоўвае больш за 17 мільёнаў тон нафты на год, што складае каля 6% агульнай перапрацоўкі ў Расіі. Удар стаў працягам серыі атак: за два дні да гэтага беспілотнікі СБУ вывелі з ладу працу найбуйнейшага нафтавага порта Расіі на Балтыцы — Прыморска.
Відэа і фотаздымкі, апублікаваныя жыхарамі рэгіёна і незалежнымі СМІ, пацвярджаюць маштаб пажару. Расійскія ўлады заявілі, што ахвяр няма, але факт пашкоджанняў не адмаўляюць.
Гэтыя атакі ўжо прывялі да адчувальных наступстваў. У шэрагу рэгіёнаў Расіі фіксуюцца перабоі з палівам і чаргі на запраўках, мясцовыя ўлады ўводзяць нарміраванне. Масква называе ўдары па нафтавых аб’ектах атакамі на грамадзянскую інфраструктуру, аднак Кіеў настойвае, што нафтаперапрацоўчыя заводы — законныя ваенныя мэты, бо менавіта яны «фінансуюць і падсілкоўваюць ваенную машыну Крэмля».
Паводле меркавання аналітыкаў, удары ўкраінскіх беспілотнікаў дэманструюць усё большую далёкасць і дакладнасць тэхналогій Кіева. Пры гэтым ціск на нафтавую галіну пагражае не толькі ўнутранаму рынку Расіі, але і яе экспартным даходам — ключавой крыніцы фінансавання вайны.