Па Лукашэнку прыляцела рыкашэтам
5- 30.08.2025, 21:23
- 24,352
Як украінскія дроны пашкодзілі Мазырскі НПЗ.
З самага пачатку вайны ва Украіне беларускія ўлады вельмі пераймаюцца, што ўкраінцы могуць ударыць па Мазырскім НПЗ. Але, відавочна, што пераймаюцца зусім дарэмна. Як высветлілася, каб пашкодзіць Мазырскі НПЗ, біць па ім зусім не абавязкова.
Пра тое, як удары ўкраінскіх дронаў сапсавалі беларускую нафтаперапрацоўку - у новым выпуску праграмы «Оптымум» на Ютуб-канале «Белорусы и рынок».
«Калі яны ўдараць па Мазыры, мы ўдарым па Кіеве», - пагражаў Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені 2022 года.
З тых часоў па Мазырскім НПЗ так ніхто і не ўдарыў. Высветлілася, што гэта проста неабавязкова. Каб пашкодзіць беларускую нафтаперапрацоўку дастаткова пашкодзіць шляхі дастаўкі на завод нафты. І гэтыя шляхі дастаўкі знаходзяцца, як паказалі нядаўнія падзеі, у вельмі ўразлівым становішчы.
Першы раз украінскія беспілотнікі атакавалі станцыю Унеча на нафтаправодзе «Дружба» 13 жніўня. Праз некалькі дзён, 18 жніўня, быў нанесены ўдар па Мікольскай нафтапомпавай станцыі ў Тамбоўскай вобласці. На наступны дзень улады Вугоршчыны афіцыйна заявілі, што пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў гэтую краіну спыніліся.
Відавочна, гэта і было мэтай удараў. Падарваць пастаўкі расейскай нафты ў Еўропу, каб пазбавіць Расею магчымасці зарабляць на гэтым грошы на вайну. Але пры гэтым спадарожнай ахвярай стаў наш Мазырскі НПЗ.
Таму што па «Дружбе» забяспечваецца нафтай не толькі Вугоршчына і Славакія. Па ім нафта ідзе не толькі ў порт Усць-Луга на Балтыйскім моры. Гэта практычна адзіны спосаб дастаўкі нафты і на беларускі завод. Калі ў Наваполацкага завода ёсць яшчэ нейкія альтэрнатыўныя маршруты, то ў Мазыр, у выпадку прыпынення «Дружбы», нафту можна будзе грузіць толькі бочкамі. А не факт, што беларуская нафтаперапрацоўка можа сабе такое дазволіць.
Мазырскі завод і так стаў галоўным генератарам страт для ўсёй Гомельскай вобласці. За пяць месяцаў страты Мазырскага раёна склалі 758 мільёнаў рублёў. Адмоўная рэнтабельнасць у раёне - 6,2 адсоткі. І ўсё гэта заслуга нафтаперапрацоўчага завода.
Праўда, тыя першыя дзве атакі для беларускага завода, хутчэй за ўсё, не мелі практычных наступстваў. Хоць бы таму, што на НПЗ паводле рэгламенту павінны быць як мінімум дзесяцідзённыя запасы нафты. А пастаўкі аднавілі ўжо праз пару дзён.
Але высветлілася, што казаць «пашанцавала» рана. Ужо 21 жніўня быў новы ўдар, і пастаўкі зноў спыніліся. Прычым, па-першае, на гэты раз наступствы ўдару былі больш сур'ёзнымі, чым у двух папярэдніх. На запуск нафтаправода спатрэбіўся тыдзень. «Дружба» запрацавала толькі 28 жніўня і то ў тэставым рэжыме.
Хто сказаў, што гэта быў астатні раз? Першы ўдар мог быць выпадковасцю, другі - заканамернасцю, а пасля трэцяга гэта ўжо можа перайсці ў звычку. І праблема з пастаўкамі нафты як мінімум на Мазырскі НПЗ стане перманентнай.
Таму што Украіна мэтанакіравана выбівае расейскую нафтавую галіну. А калі Мазырскі НПЗ пры гэтым закране рыкашэтам, дык сам вінаваты. Ад удзельнікаў баявых дзеянняў трэба было трымацца далей.