Украінскі дэпутат пра забойства Парубія: Расея адкрыла новы этап вайны
17- 30.08.2025, 19:27
- 9,478
Украіна павінна адказваць сіметрычна.
Былога спікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія забіў кілер, які быў замаскаваны пад кур'ера. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Дождь» расказаў народны дэпутат, сакратар Камітэта Вярхоўнай Рады ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і выведкі Раман Кастэнка.
«Мы разумеем, што гэта тэрор, які робіць цяпер РФ супраць ужо першых асоб дзяржавы. Яны не могуць дацягнуцца да прэзідэнта і цяперашніх кіраўнікоў. Але Парубій быў другім чалавекам у дзяржаве з 2016-га да 2019 года. І я скажу, што Расея гэтым тэрактам, магчыма, адкрывае новы этап вайны. Да гэтага яны замахваліся на нацыяналістаў - людзей, якія падтрымліваюць праўкраінскі рух», — сказаў Кастэнка.
Ён дадаў, што ўкраінскія аперацыі тычыліся толькі ліквідацыі вайсковых злачынцаў. Тады як Расея адкрыла новы этап вайны, замахваючыся і знішчаючы першых асоб дзяржавы.
«І я думаю, што Украіна павінна адказваць сіметрычна. І ўвесь свет павінен убачыць, што ніхто ўжо не ў бяспецы. Гэта ў першую чаргу на дэмакратыю замах. Таму што так цынічна чалавек замаскаваўся, чакаў і выпусціў увесь магазін, 8 патронаў», — дадаў Кастэнка.