15 снежня 2025, панядзелак, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ціманоўская пра польскую зборную: Цяпер мы адна каманда

4
Ціманоўская пра польскую зборную: Цяпер мы адна каманда

Беларуская бегуння стала чэмпіёнкай Польшчы і рыхтуецца да чэмпіянату свету ў Токіа.

Беларуская бегуння Крысціна Ціманоўская, якая цяпер прадстаўляе Польшчу, распавяла «Белсату», што на пачатку яе кар'еры ў новай зборнай адносіны з партнёркамі былі напружаныя. Спачатку дзяўчаты сустрэлі яе варожліва, бо яна заняла месца ў эстафеце і адразу паказала высокі вынік. Каб наладзіць давер, спатрэбілася амаль два гады.

«Скажу шчыра, гэта было нялёгка, і першы год у камандзе быў вельмі цяжкім. У тым ліку і псіхалагічна, бо мяне не адразу прынялі. Калі трапіла ў зборную і выступіла на першым чэмпіянаце Польшчы, узяла срэбра. І дзяўчаты вельмі негатыўна да мяне паставіліся, бо прыйшла беларуска, заняла другое месца і забрала адно месца ў эстафеце, бо ў эстафеце бягуць чатыры чалавекі. Адпаведна, чацвёрты чалавек, які быў да мяне, выбыў з гэтай эстафеты, я заняла яго месца, і давялося два гады наладжваць сувязь з дзяўчатамі».

Сітуацыя змянілася пасля леташняй Алімпіяды ў Парыжы, дзе спартсменкі больш зблізіліся. Важную ролю адыграла і змена трэнера: папярэдні ствараў напружанне ў камандзе, а новы, наадварот, дапамагае наладзіць сяброўскую атмасферу. Цяпер у зборнай няма ўнутранай варожасці, дзяўчаты падтрымліваюць адна адну нават на індывідуальных дыстанцыях.

Тыдзень таму Ціманоўская стала чэмпіёнкай Польшчы на 100 метраў і плануе ў будучыні заваяваць золата таксама на 200 метраў. На апошнім чэмпіянаце яна не змагла бегчы гэтую дыстанцыю праз хваробу, але ўсё ж паказала найлепшы вынік сезону.

Спартсменка параўнала досвед у Польшчы з тым, што было ў Беларусі: калі яна скардзілася на трэнерскія метады, там яе проста прымушалі маўчаць і трэніравацца. У Польшчы ж да меркавання атлетаў прыслухоўваюцца.

У верасні польская зборная выступіць на чэмпіянаце свету ў Токіа, і Ціманоўская разлічвае, што іхняя эстафета пакажа яшчэ лепшы вынік, чым два гады таму ў Будапешце, дзе яны занялі пятае месца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках