DW: Зніклы беларускі палітолаг Анатоль Котаў паплыў на яхце ў Сочы?
13- 30.08.2025, 21:59
- 16,972
Родныя і калегі экс-чыноўніка перакананыя ў ягоным выкраданні.
Дзевяць дзён таму ў Турцыі знік беларускі палітолаг, экс-супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўнік міжнароднага дэпартамента Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў. Турэцкае СМІ IHA ўстанавіла, што Котаў прыбыў у Стамбул з Варшавы 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон.
Беларускі палітолаг, як піша выданне, пакінуў Турцыю праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам а 18:35. СМІ апублікавала фота польскага праязнога дакумента для замежніка (polski dokument podróży dla cudzoziemca) на імя Анатоля Котава.
Стамбульскаму бюро «Нямецкай хвалі» ўдалося пагаварыць з крыніцай у паліцыі Трабзона. Суразмоўца пацвердзіў, што Котаў пакінуў Трабзон 21 жніўня, гэта значыць у дзень свайго прылёту ў Турцыю. Паводле ягоных слоў, Котаў адправіўся ў Сочы на прыватнай яхце. Вядома, што з гэтага порта няма рэгулярных злучэнняў. Адтуль выходзяць грузавыя і рыбалавецкія судны, круізныя караблі і прыватныя лодкі. Тэарэтычна, дабрацца з Трабзона па моры можна да ўсіх краін у акваторыі Чорнага мора, але хутчэй за ўсё — у суседнія Грузію ці Расею.
Ні ў Котава, ні ў людзей, якія суправаджалі яго, не было ніякіх юрыдычных праблем, напрыклад, пытанняў з дакументамі, «нішто не выглядала падазроным», удакладніла крыніца, таму ў турэцкай паліцыі няма прычын для расследавання.
Колькі было справаджаных і хто яны, ён не змог сказаць. Паводле непацверджаных звестак, яхта ўжо чакала Котава, калі ён прыбыў са Стамбула ў Трабзон.
Артыкул «Нямецкай хвалі» пракаментаваў калега Котава, кіраўнік Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін:
- У чыстым выглядзе мы маем толькі адзін дакументальны факт прылёту Анатоля ў Стамбул і знаходжання на сувязі да 22.28 паводле турэцкага часу.
Уся астатняя інфармацыя «з ананімных крыніц у турэцкай паліцыі» гэта значыць, ніякага рэальнага дакументальнага пацвярджэння яго прылёту ў Трабзон, праходжання пашпартнага кантролю і далейшага маршруту ў Сочы няма. Таму на сённяшні момант гэта ўсё яшчэ застаецца адной з версій, але ніяк не з'яўляецца фактам, які адбыўся, насуперак медыйнай падачы.
Яшчэ раз паўтаруся: для добраахвотнага вяртання ў Беларусь або РФ гэты маршрут выглядае максімальна незвычайным, бо лётаюць прамыя рэйсы са Стамбула.
Родныя і калегі Анатоля, зыходзячы з усіх фактаў і абставін яго знікнення, цвёрда перакананыя ў яго гвалтоўным выкраданні, пакуль афіцыйна не будзе даказана адваротнае. У Турцыі ўжо працуюць адвакаты, якія запытаюць афіцыйнае пацвярджэнне ў праваахоўных органаў, — піша Апейкін у «Фэйсбуку».
У пачатку 2000-х Анатоль Котаў працаваў у Міністэрстве замежных спраў. З 2006 да 2015 год займаў розныя пасады ў пасольстве Беларусі ў Польшчы, прайшоў шлях ад трэцяга сакратара да старэйшага дарадцы пасла.
У 2015 годзе вярнуўся ў Менск, дзе перайшоў з МЗС на працу ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў той час асабіста ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Катоў спачатку працаваў там вядучым спецыялістам, аднак неўзабаве заняў пасаду генеральнага сакратара.
Затым працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, дзе заняў пасаду намесніка начальніка аддзела фінансавання дзяржаўных органаў галоўнай фінансавай ўправы адміністрацыі дыктатара.
18 жніўня 2020 года Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсіфікацый на выбарах і асудзілі гвалт з боку сілавікоў. Затым пераехаў у Варшаву. У апошнія гады супрацоўнічаў з Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці.