Суд ЗША прызнаў незаконнымі мытныя тарыфы Трампа
10- 30.08.2025, 16:25
- 4,550
Але яны пакуль далей дзейнічаюць.
Апеляцыйны суд ЗША прызнаў незаконнымі тарыфы, якія ўвяла адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа але мытныя тарыфы для іншых краін не скасуюць адразу, паведамляе Sky News.
Судовая калегія большасцю галасоў (7 супраць 4) пастанавіла, што адміністрацыя Трампа перавысіла паўнамоцтвы, увёўшы глабальныя тарыфы на аснове закона аб надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах 1977 года.
Суд падкрэсліў, што закон не дае прэзідэнту дырэктыўнага права ўводзіць мыты або падаткі.
Як піша Sky News, суд скасаваў частку папярэдняй пастановы, якая прадугледжвала неадкладнае скасаванне тарыфаў. Гэта значыць адміністрацыя Трампа атрымала час, каб падаць апеляцыю ў Вярхоўны суд ЗША.
Рэакцыя Трампа
Сам прэзідэнт ЗША ў Truth Social назваў «памылковай» пастанову Апеляцыйнага суда. Трамп заявіў, што ўсе ўведзеныя ім тарыфы застануцца ў дзеянні.
Ён падкрэсліў, што калі ўведзеныя тарыфы калі-небудзь знікнуць, то «гэта будзе поўнай катастрофай для краіны».
«Гэта зробіць нас фінансава слабымі, а мы павінны быць моцнымі. ЗША больш не будуць трываць велізарныя гандлёвыя дэфіцыты і несправядлівыя тарыфы і нетарыфныя гандлёвыя бар'еры, уведзеныя іншымі краінамі, сябрамі або ворагамі, якія падрываюць нашых вытворцаў, фермераў і ўсіх астатніх. Калі гэту пастанову пакінуць у дзеянні, яна літаральна знішчыць ЗША», - напісаў Трамп.