15 снежня 2025, панядзелак, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна разнесла два ключавыя масты ў РФ

3
Украіна разнесла два ключавыя масты ў РФ
ілюстрацыйнае фота

Выкарыстаўшы танныя дроны і ўтоеныя расейскія міны.

Украінскія вайскоўцы паведамілі аб паспяховай аперацыі па знішчэнні двух ключавых мастоў у Белгародскай вобласці Расеі. Для гэтага яны выкарыстоўвалі беспілотнікі коштам блізу $600 і варожыя міны, якія былі схаваныя пад інфраструктурнымі аб'ектамі, піша CNN.

Паводле звестак 58-й асобнай мотапяхотнай брыгады, масты мелі стратэгічнае значэнне для расейскага войска - па іх перапраўлялі боепрыпасы і падмацаванні. Аб'екты былі замінаваныя расейскімі вайскоўцамі, каб у выпадку ўкраінскага наступу іх можна было падарваць.

Украінскія робаты-выведнікі знайшлі схованкі з супрацьтанкавымі мінамі. Пасля гэтага байцы нанеслі дакладны ўдар, выкарыстаўшы тактычныя FPV-дроны. На апублікаваных кадрах відаць магутныя выбухі, якія зруйнавалі абодва масты.

«Мы ўбачылі міны і ўдарылі. Затым праверылі іншы мост - ён таксама быў замінаваны. Мы скарысталіся гэтай магчымасцю», - распавёў прадстаўнік брыгады.

Эфектыўная тактыка

Кошт ужытых дронаў складаў ад 25 да 30 тысяч грыўняў. Для параўнання, падрыў мастоў звычайна патрабуе выкарыстання дарагіх высокадакладных сістэм, такіх як HIMARS, дзе толькі адна ракета каштуе дзясяткі тысяч даляраў.

Такім чынам, аперацыя стала прыкладам эфектыўнага выкарыстання танных тэхналогій супраць значна даражэйшага арсенала ворага.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках