Макрон: Мы гатовыя ціснуць санкцыямі, каб вярнуць Пуціна за стол перамоў
12- 29.08.2025, 21:27
- 2,284
Прэзідэнт Францыі і канцлер Нямеччыны прасоўваюць ідэю другасных санкцый супраць Расеі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц прасоўваюць ідэю другасных санкцый супраць Расеі.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Макрон і Мэрц заклікаюць ударыць па вайсковай машыне РФ і перашкодзіць Расеі атрымліваць сродкі ад продажу нафты. Яны намагаюць на санкцыях супраць кампаній з трэціх краін, якія дапамагаюць Расеі фінансаваць вайну ва Украіне.
«Мы будзем працягваць ціснуць, каб мы самі ўводзілі дадатковыя санкцыі - і мы гатовыя гэта зрабіць - а таксама ЗША, каб прымусіць Расею вярнуцца за стол перамоў», - сказаў Макрон падчас супольнай прэс-канферэнцыі з Мэрцам.
Выданне адзначае, што еўрапейскія лідары страчваюць цярпенне на фоне поўнага нежадання прэзідэнта ЗША Дональда Трампа супрацьстаяць расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну.
Хаўруснікі мяркуюць, што пагроза другасных санкцый ад ЕЗ прымусіць Трампа выканаць пагрозы ўзмоцненага ціску на Расею. «Дэдлайн», які ўсталяваў Трамп для Крамля, амаль скончыўся; Расея адказала магутным ракетна-дронным ударам па Кіеве замест таго, каб дамаўляцца аб міры.
«У Амерыцы цяпер абмяркоўваюць далейшыя тарыфы. Я б вельмі вітаў, калі б амерыканскі ўрад мог прыняць пастанову аб іх ужыванні да іншых краін, чые закупкі нафты і газу фінансуюць значную частку вайсковай эканомікі Расеі», - дадаў Мэрц да заявы Макрона.