Ва Украіне ў афіцыйны ўжытак увялі тэрмін «рашызм»
8- 29.08.2025, 20:42
- 4,914
Прэзідэнт Украіны падпісаў закон аб нацыянальнай памяці і барацьбе з «рашызмам».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон «Аб асновах дзяржаўнай палітыкі нацыянальнай памяці ўкраінскага народа», якім упершыню на заканадаўчым узроўні замацавана вызначэнне тэрміна «рашызм». Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Вярхоўнай рады.
Згодна з дакументам, рашызм трактуецца як разнавіднасць таталітарнай ідэалогіі і практык, якія ляжаць у аснове «расейскага нацысцкага таталітарнага рэжыму». Гэтая ідэалогія, удакладняецца ў законе, абапіраецца на традыцыі расейскага шавінізму і імперыялізму, а таксама выкарыстоўвае практыкі, характэрныя для камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) рэжымаў.
Закон падкрэслівае, што з пачатку ўзброенай агрэсіі супраць Украіны Расея актыўна маніпулюе гістарычнымі фактамі, спрабуючы сказіць украінскую гісторыю, навязаць тэзіс аб «агульнай спадчыне» і апраўдаць вайну квазігістарычнымі наратывамі. Новы закон павінен стаць інструментам процідзеяння падобнай прапагандзе і спосабам кансалідацыі грамадства вакол адзінага разумення мінулага.
Акрамя тэрміна «рашызм», у дакуменце замацаваны такія паняцці, як «вайна за незалежнасць Украіны», «злачынствы супраць украінскага народа» і «гістарычная антыўкраінская прапаганда». Таксама прадугледжана, што раз на пяць гадоў Кабінет міністраў украінскага Інстытута нацыянальнай памяці будзе зацвярджаць дзяржаўную стратэгію аднаўлення і захавання нацыянальнай памяці і план мерапрыемстваў для яе рэалізацыі.