ЗША сабралі цэлую флатылію ля берагоў Венесуэлы
2- 29.08.2025, 19:24
- 4,550
У рамках пашыранай аперацыі ў змаганні з наркотыкамі.
ЗША накіравалі восем вайсковых караблёў у паўднёвую частку Карыбскага басейна ў рамках «пашыранай аперацыі па барацьбе з наркотыкамі», паведамляе The Washington Postса спасылкай на прадстаўніка Пентагона.
Флатылія ўключае тры эсмінцы, два дэсантныя караблі, дэсантны верталётаносец, крэйсер і прыбярэжны баявы карабель. Паводле інфармацыі выдання Axios, сярод іх таксама ёсць, прынамсі, адна ўдарная падводная лодка. Частка караблёў ужо знаходзіцца ў рэгіёне, частка накіроўваецца туды.
На амерыканскіх караблях размешчаныя падраздзяленні Берагавой аховы ЗША і супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія будуць затрымліваць і арыштоўваць асоб пры аперацыях перахопу наркотыкаў. Агульная колькасць вайскоўцаў на караблях - амаль 4500, у тым ліку 2200 марскіх пяхотнікаў, што незвычайна шмат для антынаркатычнай місіі.
Венесуэла ўжо падала скаргу генеральнаму сакратару ААН Антоніу Гутэрышу, назваўшы павелічэнне вайсковай прысутнасці ЗША «маштабнай прапагандысцкай аперацыяй для абгрунтавання ваеннага ўмяшання».
У 2024 годзе ў Венесуэле прайшлі «выбары», на якіх «перамог» Нікалас Мадура, але апазіцыя сцвярджае, што большасць галасоў была аддадзеная за яго апанента Эдмунда Гансалеса. ЗША не прызналі вынікі выбараў і ўважаюць Мадура нелегітымным.
Прэзідэнт і некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі Венесуэлы абвінавачваюцца ў ЗША ў адмыванні грошай і кантрабандзе наркотыкаў. У ліпені Мінфінансаў ЗША абвінаваціла Мадура ў кіраўніцтве венесуэльскім картэлем Cártel de los Soles і прызнала яго тэрарыстычнай арганізацыяй.
Сітуацыю абвастрылі нядаўнія захады Трампа, у тым ліку дэпартацыі сотняў венесуэльцаў у 2025 годзе, большасць з якіх абвінавачваліся ў прыналежнасці да банды Tren de Aragua. Усяго з лютага ЗША дэпартавалі блізу 8000 венесуэльцаў.