Зяленскі: Мы не хочам другога Будапешцкага мемарандума і менскіх пагадненняў
6- 29.08.2025, 19:11
- 3,738
Украіна хоча юрыдычна замацаваных гарантый ад ЕЗ і ЗША.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна хоча, каб гарантыі бяспекі ад краін Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі былі юрыдычна замацаваныя. Украіне не патрэбны яшчэ адзін Будапешцкі мемарандум, сказаў Зяленскі падчас брыфінгу, які транслявала «Суспільне».
«Чаго мы хочам? Каб гэтыя гарантыі бяспекі ад ключавых краін Еўропы і ад ЗША былі падтрыманыя парламентамі і Кангрэсам...Мы не хочам другога Будапешцкага мемарандума, мы не хочам менскіх дамоваў. Мы хочам сур'ёзны дакумент», - сказаў прэзідэнт.
З яго слоў, Украіна прадставіць хаўруснікам вызначэнне базавых рэчаў наконт гарантый бяспекі. У той жа час Зяленскі не змог назваць даты, калі на наступным тыдні будзе адбывацца дыялог з хаўруснікамі наконт гэтых гарантый.
«Мы хочам спачатку пабудаваць інфраструктуру і разумець, якая будзе «харэаграфія» гэтага, і гэта вельмі важна», - сказаў Зяленскі.
Зяленскі таксама назваў тры ключавыя блокі гарантый бяспекі для Украіны, Першы блок тычыцца захавання цяперашняй колькасці войска. Другі блок тычыцца NATO - гаворка ідзе аб дамоўленасцях з партнёрамі на ўзроўні лідараў па іх гатоўнасці падтрымаць Украіну ў выпадку новай агрэсіі. Трэці блок - гэта санкцыі супраць Расеі і выкарыстанне замарожаных расейскіх актываў для аднаўлення дзяржавы.