Ярмак сустрэўся з Уіткафам у ЗША
6- 29.08.2025, 18:17
- 4,580
Першыя дэталі.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак сустрэўся ў Нью-Ёрку са спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам.
Пра гэта паведаміў Андрэй Ярмак у сацсетцы X.
Са слоў кіраўніка ОП, у сустрэчы таксама ўдзельнічаў першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца.
«Галоўны прыярытэт - прасоўваць рэальную дыпламатыю і забяспечыць выкананне ўсіх дамоўленасцей, дасягнутых на Вашынгтонскім саміце. Мы каардынуем нашы намаганні», - распавёў Ярмак.
З яго слоў, ён у пачатку сустрэчы праінфармаваў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША аб ваенных злачынствах, якія Расея ўчыняе супраць мірных гарадоў Украіны. Дарэчы, размова ішла аб удары па Кіеве, у выніку якога загінулі 23 чалавекі, у тым ліку чацвёра дзяцей.
Ярмак звярнуў увагу, што РФ не выконвае неабходных для заканчэння вайны рэчаў і зацягвае баявыя дзеянні. Ён запэўніў, што Украіна падтрымлівае імкненне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ўсіх партнёраў дасягнуць справядлівага міру як мага хутчэй, а таксама вітае ўсе мірныя ініцыятывы ЗША. Але Расея ўсё гэта блакуе.
«Мы адкрытыя для наўпроставых перамоў на ўзроўні лідараў і гатовыя абмяркоўваць самае шырокае кола пытанняў. Мы мяркуем, што неабходны глабальны ціск, каб Расея сапраўды была гатовая рухацца да міру і, дарэчы, правесці крытычна важныя сустрэчы лідараў для гэтай мэты», - дадаў ён.