Праз «Каменны Лог» везлі цыгарэты пад выглядам агуркоў
8- 29.08.2025, 17:33
- 3,428
Літоўская мытня знайшла ў грузавіках з Беларусі кантрабанду на мільёны еўраў.
З Беларусі ў Літву рухаліся два фургоныз агуркамі - груз павінен быў даехаць да расейскага Калінінграда. Аднак сярод гародніны ў адным з цяжкавікоў знайшлі кантрабанду на больш чым два мільёны еўраў, распавяла мытня.
У ноч на 23 жніўня ў літоўскі пагранпераход «Шальчынінкай» (з беларускага боку - «Каменны Лог») прыехаў фургон DAF з 20 тонамі агуркоў - груз накіроўваўся ў расейскі Калінінград, за стырном быў расеец.
Пры аглядзе ніякіх парушэнняў не знайшлі. А блізу 10 раніцы на пункт пропуску на такім жа грузавіку прыбыў яшчэ адзін грамадзянін Расеі, які таксама заявіў, што перавозіць аналагічны груз — 20 тон агуркоў.

«Перад тым, як другі DAF змог пачаць надгляд, мытнікі заўважылі, што кіроўцы спрабуюць перасесці ў іншы аўтамабіль і змяніць нумарныя знакі, каб першаму грузавіку, які ўжо быў дагледжаны, давялося б праходзіць мытны кантроль яшчэ раз», — адзначылі ў мытні.
Пры дэталёвым надглядзе другога цяжкавіка сярод агуркоў выявіліся блізу 1000 пачкаў беларускіх цыгарэт NZ Gold Superslims. Іх кошт з улікам літоўскіх падаткаў складае 2,4 мільёны еўраў.
«Колькасць і кошт яшчэ трэба вызначыць, бо ўвесь паўпрычэп давядзецца разгрузіць. Агуркі, многія з якіх да моманту праверкі ўжо пачалі псавацца, будуць утылізаваныя», - распавялі ў мытні.
Абодва кіроўцы затрыманыя. Распачатае расследаванне па факце кантрабанды і незаконнай рэалізацыі падакцызных тавараў.