«Неўзабаве пачнуць банкрутаваць іншыя фабрыкі»
21- 29.08.2025, 20:13
- 16,048
Работнікі «БелФА», якую ліквідуюць у Жлобіне, эмацыйна расказалі пра сітуацыю.
Работнікі ААТ «БелФА», буйнога прадпрыемства, якое ліквідуюць у Жлобіне, масава выказваюцца ў сацсетках пра закрыццё фабрыкі. «Флагшток», які раней паведамляў аб ліквідацыі прадпрыемства, сабраў самыя інфарматыўныя каментары.
Афіцыйнай інфармацыі пра закрыццё ААТ «БелФА» дагэтуль не з'явілася, дзяржаўныя рэсурсы захоўваюць маўчанне. Але, як сцвярджае адзін з работнікаў, цяпер праходзіць працэдура ліквідацыі, быццам бы з 4 лістапада фабрыка наогул не будзе працаваць».
На сходзе з калектывам абвясцілі, што «прадпрыемства нерэнтабельнае, з пазыкамі, вось яго і трэба ліквідаваць», піша іншы працаўнік.
«Што будзе на месцы фабрыкі, ніхто не ведае, людзей адправілі на дзве трэція заробку, гэта ў жніўні, а потым за свой кошт, людзям прапанавалі шукаць працу», — адзначае карыстальніца сацсеткі.
Паводле ейных слоў, «людзі практычна ўсе перад пенсіяй», таму жанчына пераймаецца, што новую працу будзе знайсці вельмі складана.
Яшчэ адзін працаўнік сцвярджае, што нядаўна «фабрыка атрымала вялікую замову і закупіла ўсю сыравіну, а дабрадзей канцэрн усё... і цяпер дапамагаюць прадаць сыравіну».
Работнікі адзначаюць, што ў прадпрыемства было шмат замоў, у тым ліку на шутравінне для абутку, і закрыццё фабрыкі паўплывае на працу іншых вытворцаў:
«Неўзабаве пачнуць успамінаць нашу фабрыку, калі многія прадпрыемствы без нашага футра пачнуць мізарнець. Усе нашы абутковыя фабрыкі і ўсе хто працуе з футравіннем будуць мець праблемы, шукаць новых пастаўшчыкоў у Расеі і Кітаі. Паглядзім, якая цана на футравінне будзе і якая якасць будзе. Адно прадпрыемства ў Еўропе, і тое ліквідуюць!»
Іншы карыстальнік заявіў, што «яшчэ год таму расейцы прыязджалі і скуплялі футравінне з аўчынай, у якім ад 30 да 80% утрыманне натуральнага футра, за капейкі, адшывалі коўдры і прадавалі за шалёныя грошы».
У Беларусі жлобінскую фабрыку добра ведаюць дзякуючы футравінню для цацак, які яна вырабляла. Мясцовыя жыхары куплялі футравінне, шылі цацкі і масава прадавалі іх на вакзале перад цягнікамі. Як мяркуе адзін з каментатараў, «крах пачаўся з таго моманту, як забаранілі прадаваць цацкі пры цягніках, потым падатковая стала душыць». Праз гэта людзі перасталі купляць футравінне для цацак.
Некаторыя жыхары Жлобіна пішуць пра тое, што многія памяшканні ААТ «БелФА» ўжо выкупіла мясцовая мэблевая фабрыка і будзе адкрываць там сваю вытворчасць.
Цікава, што яшчэ ў 2019 годзе паведамлялася аб паспяховай працы прадпрыемства. Тады толькі за першы квартал года было адгружана прадукцыі за мяжу на 900,3 тысяч даляраў, што было на 14,7% больш, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года.
А ўжо ў 2024 года з'явілася інфармацыі аб запазычанасці за крэдыты ААТ «БелФА». Тады ўдакладнялася, што, паводле пастановы Саўміна, гэтыя запазычанасці павінна выкупіць Агенцтва кіравання актывамі.