У самалёце, які ляцеў з Менска ў Мінеральныя воды, упаў узровень гідравадкасці
- 29.08.2025, 12:56
- 2,244
Па прыбыцці давялося выклікаць буксір.
У самалёце расейскай авіякампаніі «Азімут», які выконваў рэйс з Менска ў Мінеральныя Воды (Расея), адбылося падзенне ўзроўню гідравадкасці, паведаміў тэлеграм-канал AVIAINCIDENT, што фіксуе няштатныя сітуацыі ў паветры, піша «Зеркало».
Рэйс выконваўся на расейскім самалёце Sukhoi Superjet 100. Інцыдэнт здарыўся ўночы 25 на 26 жніўня ў маскоўскай зоне Адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху.
«Падчас палёту паветранага судна маршрутам на эшалоне FL330, за 75 км на ўсход ад Смаленска, капітан паветранага судна паведаміў пра падзенне ўзроўню гідравадкасці ў сістэме нумар два», — гаворыцца ў паведамленні пра няштатную сітуацыю.
Капітан прыняў пастанову прадоўжыць палёт, але запытаў у аэрапорта прызначэння буксір пасля прызямлення.

Самалёт паспяхова прызямліўся ў Мінеральных Водах. Паводле AVIAINCIDENT, з-за няспраўнасці маглі ўзнікнуць праблемы з працай сістэмы кіравання пярэдняй стойкай. Паводле звестак сэрвісу Flightradar, палёт доўжыўся тры гадзіны 40 хвілін. Пры гэтым папярэдні рэйс гэтага ж самалёта тым жа маршрутам заняў тры гадзіны і 19 хвілін.
Наступны рэйс з Менска ў Мінеральныя Воды ў авіякампаніі «Азімут» запланаваны на 29 жніўня. Самалёт вылеціць са сталіцы Беларусі паводле раскладу а 20:40. Палёт будзе выконвацца на іншым Sukhoi Superjet.
Нагадаем, у снежні 2024 года Растранснагляд і Расавіяцыя выявілі ў «Азімута» больш за 20 парушэнняў у сферы бяспекі палётаў і арганізацыі лётнай працы, паведамлялі «Известия». Былі выяўленыя факты ўтойвання пасадак SSJ-100 з падвышанай перагрузкай, заніжэннем працягласці палётнай змены экіпажаў, допуску самалётаў да палётаў без неабходнага тэхабслугоўвання. У дакладзе адзначалася, што кантроль за паўнатой і якасцю тэхабслугоўвання ў перавозчыка адсутнічае, а праведзеныя «Азімутам» прафілактычныя мерапрыемствы не спрыяюць выключэнню паўторных адхіленняў у пілатаванні.