Латвія мяняе правілы ўезду ў сваю краіну
4- 29.08.2025, 10:19
- 4,272
У тым ліку для беларусаў.
З 1 верасня 2025 года ў Латвіі пачнуць дзейнічаць новыя правілы ўезду для грамадзян трэціх краін, у тым ліку для беларусаў, якія не маюць латвійскай візы або дазволу на жыхарства. У МУС краіны патлумачылі некаторыя нюансы ўезду, паведамляе «Белсат».
Як вядома, усе грамадзяне трэціх краін абавязаны не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы запоўніць анкету на сайце eta.gov.lv, з указаннем мэты, працягласці паездкі, маршруту і месца пражывання ў Латвіі. Асобным пунктам прапануецца інфармацыя аб удзеле ў выбарах, наяўнасці выбарных пасад у самога чалавека або яго сваякоў, а таксама аб службе ў сілавых структурах ці іншых дзяржаўных органах.
Як растлумачылі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Латвіі, чакаць дазволу пасля падачы анкеты не трэба, аднак адсутнасць такой анкеты будзе карацца штрафам. Як удакладняе МУС, новыя правілы распаўсюджваюцца нават на тых, хто едзе транзітам праз тэрыторыю Латвіі, а таксама на замежнікаў з ДНЖ іншых краін Еўразвязу, нават калі яны перамяшчаюцца ўнутры ЕЗ.
Наконт неабходнасці ўказання інфармацыі пра сваякоў у ведамстве ўдакладнілі: гэтыя звесткі могуць выкарыстоўвацца спецслужбамі для прадухілення патэнцыйных пагроз дзяржаўнай і грамадскай бяспекі. У выпадку, калі будуць выяўленыя рызыкі такога характару, латвійскія ўлады могуць адмовіць ва ўездзе.
Што тычыцца кантролю за выкананнем патрабаванняў, то ён будзе ажыццяўляцца непасрэдна пры перасячэнні мяжы. Пры гэтым, як адзначаюць у МУС, не выключаюцца і выбарачныя праверкі ўжо ўнутры краіны.
Сайт eta.gov.lv павінны пачаць працу а 23 гадзіны 29 жніўня.
Нагадаем, раней паведамлялася, што пасля адпраўкі анкеты заяўніку на паказаную электронную пошту прыйдзе адказ - дазвол або адмова ва ўездзе. Падаваць інфармацыю можна і раней, чым за два дні, але калі планы мяняюцца, то звесткі трэба абнаўляць. Пры перасячэнні краіны транзітам досыць паказаць толькі даступныя кантакты.