15 снежня 2025, панядзелак, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка атрымаў сур'ёзную траўму

22
Лукашэнка атрымаў сур'ёзную траўму

Дыктатар дагэтуль не можа ад яе «ачуняць».

Пад канец жніўня дыктатар Беларусі зноў адправіўся ў палі з інспекцыяй. У Магілёўскай вобласці перад Лукашэнкам давалі справаздачу дырэктары буйных гаспадарак, якія вырошчваюць бульбу. А сам ён усімі сіламі дэманстраваў, што імідж «бульбяной дзяржавы» і гаранта харчовай бяспекі ў нашай краіны аніяк не пахіснуўся.

«Праблемы не ў бульбе, а ў галовах», — заявіў Лукашэнка, які паабяцаў фермераў падтрымаць, гандлёвыя сеткі — жорстка кантраляваць, а «рэкордны ўраджай» (з улікам асабістых падсобных гаспадарак плануюць сабраць 3,5 мільёна тон) захаваць, каб да наступнага ўраджаю ўсім ставала.

І нават «сусветным лідарам» у найбліжэйшыя дні падчас паездкі ў Кітай перадаць 10 мяшочкаў беларускай бульбы з рапсавым алеем.

Раптам кіраўнік успомніў пра былы «Макдональдс» - Mak.by - і запатрабаваў, каб з 1 кастрычніка там «не было ніводнага кавалка імпартнай бульбы». Чыноўнікі запэўнілі яго, што ўжо са жніўня - 2025 пастаўшчыкі і так беларускія, з Талачына.

- І катлеты. Там павінна быць беларускае. Што вы гэтую гадасць амерыканскую людзям падсоўваеце, - не сунімаўся Лукашэнка.

Але пачакайце, былая сетка рэстаранаў Mcdonald's у Беларусі і так даўно «свая». Кампанія афіцыйна сышла з нашай краіны яшчэ ў 2022-м, сетку праз суд адабралі ў замежных інвестараў, расейцаў не пусцілі, і цяпер у яе беларускія ўладальнікі. Як і пастаўшчыкі, і частка меню.

Што не так-то? У гэтым «Філін» разбіраўся разам з прадпрымальнікам, блогерам Аляксандрам Кныровічам.

- Унутраная трагедыя Лукашэнкі ва ўзаемадачыненнях з Mcdonald's - гэта трагедыя нераздзеленага кахання, - адзначае Аляксандр Кныровіч. - І не раздзеленае яно ўжо гадоў 25, з моманту з'яўлення першага Mcdonald's у Менску, на рагу вуліцы Леніна і праспекта, які тады быў праспектам Скарыны.

І кожную раніцу, калі Лукашэнку вазілі на працу, яго гэтая рэстарацыя насупраць раздражняла. У яго было нават вялікае жаданне замяніць на што-небудзь, і, наколькі я ведаю, ледзь адгаварылі ад гэтага кроку. Але ўсё ж прысутнасць гэтай сеткі фастфуду была, як калода на воку, як пастаянны доказ: амерыканцы — могуць, а вы — не.

Катлета, булкі і гісторыя (не)поспеху

На думку кіраўніка, разынка Mcdonald's была ва ўменні ўкладваць катлету паміж булак — хоць напраўду поспех сеткі не ў катлеце і не ў булцы, а бізнэс-працэсе значна больш складаным.

- Цяпер гэта беларускі брэнд Mak.by, як мы памятаем, яго забралі ва ўласнікаў з Казахстана. Але, вядома, ён захаваў усе рысы брэнда амерыканскага — хто ж адмовіцца ад франшызы, якая прадае сама сябе. Таму раздражненне Лукашэнкі працягваецца.

Нагадаю, што былі спробы «забіць галы» Mcdonald's — не толькі ў выглядзе «Давайце прыбяром яго адсюль», але ў выглядзе альтэрнатыўных праектаў (адзін, здаецца, нават Брсмаўскі). Пра іх тады жартавалі, што гэта «Бі-бі і Ха-ха»: сеткі «Беларускае бістро» і «Хуткае харчаванне».

Гэтым сеткам фастфуду давалі добрыя пляцы, удакладняе прадпрымальнік. «Хуткае харчаванне», напрыклад, працавала на бойкім месцы на праспэкце Машэрава (цяпер — пераможцаў), але ўжо праз год зачынілася з-за стратнасці.

- За дзяржаўныя грошы яны паспрабавалі зымітаваць Mcdonald's на беларускай тэматыцы. Мільёнаў 18 рублёў было выкінута на такую задуму, проста каб спадабалася Лукашэнку - але нічога не выйшла. А нелюбоў Лукашэнкі да амерыканскага фастфуду, якая абышлася беларускім падаткаплатнікам у сур'ёзныя грошы, захавалася.

На сёння, як мы бачым, ўстаноўкі такія: хай жыве Mak.by, калі ён цяпер «свій», але трэба, каб там усё было беларускае.

- Быццам бы і так пастаўшчыкі спрэс беларускія.

- А навошта гэта - нікому не зразумела. Наведвальніку, увогуле, усё адно, купляе ён беларускую бульбу ці імпартную, катлету з беларускага мяса ці не. Я моцна падазраю, што ўяўленне Лукашэнкі аб тэхналогіі, па якой працуе сетка, моцна не сыходзіцца з рэальнасцю.

Магчыма, у яго версіі бульбу прывозяць у мяшках, сядзяць цёткі на кухні, яе абіраюць і перабіраюць, рэжуць, смажаць і падаюць людзям. Рэальнасць жа створаная па-іншаму. Mcdonald's - гэта фастфуд, гэта значыць, што ўсе кампаненты прыбываюць у максімальна гатовым - замарожаным выглядзе.

Ёсць пытанне, ці здольныя беларускія фермеры забяспечыць сетку не проста бульбай, а замарожанай бульбай правільных гатункаў, які кошт і канкурэнтаздольнасць. У мяне ў гэтым вялікія сумневы.

Усё ж такі гэта вельмі абмежаваны і канкурэнтны рынак, намаганняў шмат, патрабаванні высокія, а маржа наўрад ці вялікая — не думаю, што для беларускіх фермераў гэта такі ўжо цікавы сегмент. Калі не лічыць асабістага стаўлення да яго Лукашэнкі.

Таму патрабаванні «імпартазамясціць» усё - гэта спроба стварыць ілюзію, што ты чымсьці там кіруеш. Нагадаю, беларускі ровар, які павінен быў быць сабраны да 1 студзеня 2023 года, усё яшчэ не сабраны. І не думаю, што з бульбай будзе неяк лепей.

Бульбяная траўма і рэкорд, якога няма

Паказальныя выступы дыктатара на «бульбяной дзялянцы», працягвае Аляксандр Кныровіч — таксама вынік траўмы, але значна больш свежай, леташняй. Таму што ўзніклы дэфіцыт бульбы ў краіне Лукашэнку моцна зачапіў.

Ён, успомнім, спрабаваў апраўдвацца: то вінаваціў фермераў, якія вывезлі бульбу ў Маскву, дзе тая ўтрая даражэйшая; потым высветлілася, што вінаватыя — гандлёвыя сеткі, якія «прыхавалі» бульбу для продажу, каб падкласці палітычную свінню асабіста Лукашэнку; акрамя таго, праслізгвала ў прамовах, маўляў, падначаленыя яму дасталіся нядбайныя, а народ — пражэрлівы.

- Але праўда выглядае вельмі проста. Яна напісаная ў падручніку «Эканомікс» (ён напісаны ў 1960 годзе, шмат разоў перавыдаваўся і вывучаецца ўжо на 1 курсе эканамічных факультэтаў — Ф.). Калі ты пачынаеш кантраляваць кошты - у цябе будзе дэфіцыт. Сувязь прамая: ты стрымліваеш цэны, прадукт становіцца нявыгадны ў вытворчасці, людзі адмаўляюцца ад яго вытворчасці. Ніякіх іншых сакрэтаў і складаных маніпуляцый няма.

А траўма выйшла страшная, горшая за дзіцячую — не фейхоа ж, нават не ровары, а літаральна самы просты і папулярны прадукт. Дамагчыся, каб ён быў у дэфіцыце — гэта трэба было пастарацца. І цяпер паказальнымі выступамі Лукашэнка спрабуе «лячыць» уласную траўму, даказаць, што не, гэта была выпадковасць, а напраўду у нас усё ў парадку.

Але пастанова адпусціць кошт бульбы была прынятая позна: з 1 траўня 2025-га. І свежы ўраджай цяпер прадаецца на 40% даражэй, чым была рэгуляваная цана яшчэ ў лютым.

Я зусім не ўпэўнены, што беларускія фермеры паспелі зарыентавацца і высадзіць больш, чым планавалі. А дзяржаўныя арганізацыі паведамлялі: пасеялі на 17% больш — але падзенне аб'ёмаў збору было, нагадаю, на 30%.

І з улікам тых маразоў, што былі ў Беларусі ў траўні — як бы Лукашэнка не выступаў і якія б гапакі на бульбяным полі не танцаваў, бегаючы з пугай за дырэктарамі калгасаў — усё, што магло адбыцца, ужо адбылося ў пачатку траўня. Цяпер мы будзем назіраць вынік гэтых падзей.

Пастанова аб забароне вывазу бульбы з РБ, дадае прадпрымальнік, была прынятая ў снежні 2024-га — таму ацаніць, што ва ўладаў атрымалася, можна будзе прыкладна ў лістападзе-снежні 2025-га года. Хоць наконт аб'ёмаў ураджаю могуць схлусіць, каб дагадзіць Лукашэнку, але кошты і наяўнасць бульбы ў крамах скажуць усё самі за сябе.

- На нарадзе чыноўнікі казалі пра чаканы ўраджай 3,5 мільёна тон - з улікам насельніцтва…

- Звернем увагу, што летась дзяржаўныя арганізацыі сабралі амаль 700 тысяч тон. Раней было блізу 1 мільёна. Гэта значыць, калі пазалетась збор быў 4 мільёны - яго забяспечвалі фермеры і насельніцтва. Прытым ні тым, ні іншым загадаць нельга.

Ды і як даўно ў нас 3,5 мільёна сталі "рэкордам", калі ў 2015-м ураджай быў 8 мільёнаў тон, а раней яшчэ больш?

Таму датычна падарунка сусветным лідарам - Лукашэнка спазніўся гадоў на 50. Таму што ў 1972 годзе мы выраблялі 13 мільёнаў тон бульбы, калі ён прыйшоў да ўлады — збіралі 10 мільёнаў тон, а ў мінулым сабралі 3 мільёны. Як бачым, выхваляцца наогул няма чым.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках