Келаг і Мэрц адрэагавалі на масаваны ўдар расейцаў па Украіне
32- 28.08.2025, 19:04
- 17,362
Расея чарговым разам прадэманстравала свой сапраўдны твар.
Спецыяльны прадстаўнік Злучаных Штатаў Амерыкі ў пытаннях Украіны Кіт Келаг адрэагаваў на масаваны ўдар расейскіх акупацыйных войск па Украіне ў ноч на чацвер, 28 жніўня. Келаг у сацсетцы Х назваў гэты абстрэл другой па маштабах паветранай атакай за ўвесь час поўнамаштабнай вайны.
«Цэлі? Не жаўнеры і зброя, а жылыя раёны Кіева - мірныя цягнікі, офісы місій Еўрапейскага Звязу і Вялікай Брытаніі і нявінныя цывільныя людзі», - падкрэсліў ён.
Спецпрадстаўнік ЗША ўказаў, што гэтыя ўдары пагражаюць міру, да якога імкнецца амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп.
Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц асудзіў начны масаваны напад расейцаў і падкрэсліў, што РФ «зноў паказала свой сапраўдны твар».
«Тое, што цяпер пад прыцэл трапіла і прадстаўніцтва Еўразвязу, сведчыць аб беспрынцыпнасці расейскага рэжыму, якая расце», — адзначыў Мэрц.
Прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен паведаміла, што дзве расейскія ракеты патрапілі ў радыусе 50 метраў ад будынка місіі ЕЗ. Міністр замежных спраў ФРГ Ёган Вадэфуль адзначыў, што ўдары акупантаў па Кіеве не могуць застацца без адказу. Высокая прадстаўніца Еўрапейскага Звязу ў пытаннях замежных спраў Кая Калас адзначыла, што масаваная атака РФ «дэманструе свядомы выбар эскалацыі і насмешкі з мірных намаганняў».