Ці можна беларусам памяняць савецкія дакументы ў Польшчы
- 28.08.2025, 17:41
- 6,172
Адказ чыноўнікаў.
Некаторыя польскія ўжонды (мясцовыя органы ўлады) не прымаюць пасведчання аб нараджэнні савецкага ўзору, хаця раней МУС Польшчы заяўляла, што забароны на гэта няма.
Еўрарадыё спытала ў варшаўскай Управы запісу актаў грамадзянскага стану, ці могуць яны ўсё ж прыняць “зялёную кніжку”.
Там адказалі, што замежныя дакументы могуць быць унесеныя ў рэестр, калі адпавядаюць пэўным умовам: напрыклад, там пацверджана, што ён выдадзены афіцыйным органам, прызнаецца ў роднай краіне і «не выклікае сумненняў у сапраўднасці».
Польскія чыноўнікі ўдакладнілі, што супрацоўнік управы можа запытаць апастыль на дакумент, калі ўзнікаюць сумневы ў яго сапраўднасці. Крытэрый для ацэнкі магчымай (не)сапраўднасці дакументаў не назвалі.
Пры гэтым ва ўправе падкрэслілі, што кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.