Міністр абароны Нямеччыны: Адкрыццё зброевага завода Rheinmetall - гэта сігнал
1- 28.08.2025, 17:32
- 2,880
Берлін павялічвае выпуск узбраенняў для дапамогі Украіне.
Нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall адкрыў новы завод вытворчасці зброі і выбухоўкі ў зямлі Ніжняя Саксонія - найбуйнейшае прадпрыемства такога кшталту ў Еўропе. Цырымонію адкрыцця наведалі генеральны сакратар NATO Марк Рутэ, генеральны дырэктар Rheinmetall Армін Папергер і міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус, піша DW (пераклад - сайт Charter97.org).
Са слоў Пісторыуса, завод стане ключавым элементам падтрымкі Украіны і сігналам аб гатоўнасці Нямеччыны паскорыць вытворчасць узбраенняў. «Галоўнае - паказаць, што мы можам і хочам дзейнічаць хутчэй. Гэта важныя сігналы для ўмацавання ўкраінскіх узброеных сіл», - адзначыў міністр.
З 2027 года завод плануе выпускаць 350 000 боепрыпасаў штогод. Rheinmetall таксама разглядае будаўніцтва вытворчых магутнасцяў ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе для боепрыпасаў і выбухоўкі, што падкрэсліць прыхільнасць Нямеччыны да забеспячэння Украіны і папаўненню запасаў NATO.
Міністр адзначыў паспяховае супрацоўніцтва з украінскімі войскамі, высока ацаніўшы іх гнуткасць і адаптыўнасць. На пытанне аб магчымых пастаўках дальнабойных ракет Taurus Пісторыус не даў наўпроставага адказу, адзначыўшы толькі, што гэтае пытанне можа быць «абмеркаванае».
Асобна Пісторыус закрануў пытанне вяртання воінскага абавязку. Ён паведаміў, што ў выпадку недахопу добраахвотнікаў спатрэбіцца пастанова кабінета міністраў і парламента аб увядзенні абавязковай службы. Пры гэтым міністр выказаў аптымізм, адзначыўшы, што існая тэндэнцыі набору ў войска станоўчая і мэта на гэты год - 15 000 новых рэкрутаў - хутчэй за ўсё будзе перавыкананая.
Да канца 2029 года Нямеччына плануе падрыхтаваць блізу 110 000 новых рэзервістаў, што адпавядае доўгатэрміновай стратэгіі ўмацавання абараназдольнасці краіны.