Да чаго варта падрыхтавацца беларусам у апошнія дні лета
4- 28.08.2025, 21:56
- 12,352
У краіну ідзе пыл з Сахары.
Перад сваім заканчэннем лета-2025 надумала парадаваць беларусаў сапраўды жнівеньскай спякотай. Зрэшты, не толькі тэмпературы за +30°С здзівяць апошнія тры дні гэтага летняга месяца. Smartpress.by даведаўся прагноз сіноптыкаў.
Так, Белгідрамет на пятніцу, 29 жніўня, абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі праз спякоту на большай частцы Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны: максімальная тэмпература паветра дасягне там +30..+32°С. Уначы камфортна: ад +11°С на ўсходзе да +19°С на захадзе рэспублікі.
Усё гэта дзякуючы прыходу цёплай паветранай масы з паўднёвага захаду Еўропы. А на наступны дзень, у суботу, 30 жніўня, «накіруецца яшчэ больш гарачае паветра з Міжземнамор'я і поўначы Афрыкі», напісалі ў Telegram-канале «Метеовайб».
«Уся тэрыторыя краіны апынецца ў трапічнай паветранай масе», – паведамілі спецыялісты, дадаўшы, што істотных ападкаў у суботу не будзе.
Уначы слупок тэрмометра пакажа ад +11°С на ўсходзе Беларусі да +18°С на захадзе краіны, удзень - +25..+30°С, у паўднёва-заходняй частцы - да +32°С. У Менску падобная сітуацыя: уначы - +13..+15°С, удзень - +27..+29°С, без ападкаў.
Акрамя таго, паводле разлікаў Барселонскага цэнтра прагнозаў пылу, разам з трапічнай паветранай масай у Беларусь прыйдзе і пыл Сахары. Яго максімальная канцэнтрацыя чакаецца ў суботу на захадзе рэспублікі.
І ў нядзелю, 31 жніўня, захаваецца спякотнае надвор'е з дзённымі тэмпературамі +25..+30°С, на паўднёвым захадзе і поўдні - да +32°С. Зрэшты, у гэты дзень пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы пераважна ў паўночна-заходняй палове рэспублікі, распавялі ў «Метеовайбе».