Кір Стармер абрынуўся з лютай крытыкай на Пуціна
8- 28.08.2025, 16:34
- 9,474
Фота: Getty Images
Заява брытанскага прэм'ера была пасля расейскага ракетнага ўдару па Кіеве.
Прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір Стармер рэзка асудзіў ракетную атаку Расеі на Кіеў, у выніку якой будынак Брытанскай рады (The British Council) сур'ёзна пацярпеў, піша Daily Express (пераклад - сайт Charter97.org).
«Пуцін забівае дзяцей і мірных жыхароў, ён сабатуе надзеі на мір. Гэтае кровапраліцце павінна спыніцца», - заявіў ён.
Начны абстрэл сталіцы Украіны забраў жыцці як мінімум 15 чалавек, у тым ліку чацвярых дзяцей. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў атаку «тэрорам і варварствам».
Брытанская рада паведаміла, што яе офіс у Кіеве «моцна пацярпеў» і будзе закрыты «да далейшага апавяшчэння», але падкрэсліў, што працягне супрацоўніцтва з украінскімі партнёрамі ў сферы адукацыі і культуры. Арганізацыя, заснаваная ў 1934 годзе, працуе больш як у 100 краінах, прасоўваючы культурныя і адукацыйныя сувязі.
Telegram-канал, звязаны з расейскім дэпутатам Андрэем Лугавым, абвінаваціў Брытанскую раду ў «падрыўной дзейнасці», заявіўшы, што гэта «інструмент Лондана».
Пацярпеў таксама офіс прадстаўніцтва ЕЗ. Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен назвала гэта «чарговым змрочным напамінам аб тым, што Крэмль не спыніцца ні перад чым». Яна таксама пацвердзіла падрыхтоўку 19-га пакета санкцый і працу над механізмамі выкарыстання замарожаных расейскіх актываў для абароны і аднаўлення Украіны.